Доктар хуткай расказала пра 83-гадовага пацыента з COVID-19, а потым выправілася

Доктар хуткай дапамогі з Мінска Анастасія П.
Доктар хуткай дапамогі з Мінска Анастасія П.

У канцы мінулага тыдня брыгада, у якой працуе доктар хуткай дапамогі з Мінска Анастасія П., адвезла ў бальніцу пажылога мужчыну са скаргамі на боль у правым баку. Нечаканым наступствам гэтага выкліку для дзяўчыны стала пападанне ў каранцін па каранавірусе: 22 сакавіка ёй патэлефанавалі з санэпідэмслужбы і сказалі, што яна кантакт першага ўзроўню.


"Учора [22 сакавіка. — Еўрарадыё] я ездзіла на хуткай дапамозе да пацыента — 83 гады, болі ў жываце. Па прыездзе мы паставілі дыягназ халецыстыт, паколькі болі былі ў правым баку. І іншых прыкмет захворвання не было. Але быў ускладнены анамнез: у дзядулі быў рак лёгкага і быў праведзены курс хіміятэрапіі, адпаведна, імунітэт быў паніжаны. Мы прывезлі яго ў БХМД [Бальніца хуткай медыцынскай дапамогі. — Еўрарадыё], там паспяхова здалі і паехалі па іншых візітах, нічога не падазраваючы", — расказвае дзяўчына ў сваім інстаграм-акаўнце. Да вечара 25 сакавіка гэтыя сторыз былі выдаленыя.

Врач скорой рассказала про 83-летнего пациента с COVID-19, но потом исправилась

У бальніцы ў пенсіянера выявілі пнеўманію і зрабілі тэст на каранавірусную інфекцыю, які аказаўся станоўчым. Пры гэтым, як кажа дзяўчына, пацыент не быў ні ў Італіі, ні ў Кітаі. А вось у яго жонкі аналіз аказаўся адмоўным.

"Праз нейкі час мне патэлефанаваў галоўны доктар санэпідслужбы і кажа: "Вы нядаўна вазілі пацыента". Называе яго імя і прозвішча. Рэч у тым, што ў яго аказалася ніжнядолевая пнеўманія. Якая такім чынам і аддавала ў правы бок. Вядома, гэты факт мяне не вельмі парадаваў, і цяпер я і мая брыгада — кантакты першай лініі", — працягвае дзяўчына.

Врач скорой рассказала про 83-летнего пациента с COVID-19, но потом исправилась

23 сакавіка прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя расказалі, што самаму маладому беларускаму пацыенту, у якога быў пацверджаны каранавірус, 3 гады, а самаму старому — 78 гадоў. 83-гадовага пацыента ў статыстыцы не было.

У размове з Еўрарадыё дзяўчына пацвердзіла, што працавала на выкліку, пра які ідзе гаворка. Але крыху пазней перазваніла ў рэдакцыю і ўдакладніла: мужчыну было не 83, а 78 гадоў.

Анастасію П. паклалі на каранцін у бальніцу №6. Спярша ёй давялося крыху паляжаць у калідоры — там яна паснедала бутэрбродам з сырам. Потым яе перавялі ў чатырохмясцовую палату, дзе яна сталася першай пацыенткай. У каранціне дзяўчыне трэба будзе прабыць 18 дзён.

Врач скорой рассказала про 83-летнего пациента с COVID-19, но потом исправилась

Дык колькі ўсё ж такі гадоў самаму старому беларускаму пацыенту з каранавірусам: 78 ці 83? Еўрарадыё паспрабавала ўдакладніць гэта ў прэс-сакратара Міністэрства аховы здароўя Юліі Ванінай, але яна праігнаравала нашы званкі і паведамленні ў некалькіх месенджарах. Афіцыйна самаму старому беларускаму пацыенту з каранавірусам па-ранейшаму 78 гадоў.

На раніцу 25 сакавіка ў Беларусі было выяўлена 86 людзей са станоўчым вынікам на каранавірус. Статус яшчэ двух пацыентаў удакладняецца. Адзін з іх — 58-гадовая жыхарка Жыткавіч з двухбаковай пнеўманіяй, у якой першы тэст быў станоўчы, а наступныя паказалі "супярэчлівы вынік". Да вечара 25 сакавіка гомельскія медыкі выступілі з заявай, што каранавіруса ў жанчыны няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі