Домрачава сёмая ў гонцы пераследу на чэмпіянаце свету па біятлоне
Першае месца заняла францужанка Мары Дарэн-Абер.
Першае месца ў гонцы пераследу на 10 км з чатырма агнявымі рубяжамі на чэмпіянаце свету па біятлоне заняла францужанка Мары Дарэн-Абер, другой прыйшла Лаура Дальмайер з Германіі, трэцяя – Вераніка Навакоўскі-Земняк з Польшчы.
Дар'я Домрачава прыйшла сёмай. Яна дапусціла два промахі і прайграла пераможцу 1 хвіліну 4,5 секунды.
Анастасія Дубарэзава заняла 33-е месца, Надзея Пісарава фінішавала на 50-й пазіцыі. Яна прабегла 8 штрафных колаў і адстала ад лідара больш, чым на 6 хвілін.
Фінка Кайса Мякярайнен была 12-й. У выніку адставанне Мякярайнен ад Домрачавай у барацьбе за перамогу ў агульным заліку Кубка свету па біятлоне павялічылася да 34 ачкоў (без вынікаў двух горшых гонак).
11 сакавіка на чэмпіянаце свету пройдзе індывідуальная гонка на 15 км у жанчын.