Два дзейныя дэпутаты не змаглі выйграць выбары: чаму і хто яны?

Два дзейныя дэпутаты не змаглі выйграць выбары: чаму і хто яны?

Вынікі парламенцкіх выбараў у Беларусі сталі расчараваннем не толькі для апазіцыянераў, якія не трапілі ў парламент, але і для некаторых дзейных дэпутатаў. Калі Ганну Канапацкую і Алену Анісім “злілі” яшчэ на этапе рэгістрацыі кандыдатаў, дык Мікалай Улаховіч і Віталь Чудовіч даведаліся пра тое, што пазбавіліся дэпутацкіх мандатаў, толькі пасля падліку галасоў!

Астатнія 30 дзейных дэпутатаў, якія вылучаліся на наступны тэрмін, працягнуць засядаць у Палаце прадстаўнікоў. А што пайшло не так у гэтых двух, якія выпалі з парламенцкага гнязда?

“Хто сказаў, што я прайграў?”

Два дзейныя дэпутаты не змаглі выйграць выбары: чаму і хто яны?
euroradio.fm

Казачы атаман, былы кандыдат у прэзідэнты і кіраўнік Беларускай патрыятычнай партыі Мікалай Улаховіч катэгарычна не захацеў чуць слова “параза”: 

“Хто сказаў, што я прайграў? Я за сваё жыццё столькі разоў прайграваў і так мала выйграваў… Таму ўсё яшчэ наперадзе. Наперадзе партыйная праца. Галоўнае, каб было здароўе”. 

Сябе Мікалай Улаховіч называе маладым палітыкам, бо “ў свае 68 гадоў яшчэ не нюхаў палітычнага пораху”. А заканчэнне сваіх дэпутацкіх паўнамоцтваў, па яго словах, сустракае з пазітывам: маўляў, цяпер з’явілася больш часу для партыйнай дзейнасці. 

Дык навошта тады было ўвогуле ісці зараз на выбары?

“Удзельнічаў у выбарчай кампаніі, бо ўдзельнічалі сябры маёй партыі. Як я, як лідар партыі, мог не ўдзельнічаць? Асуджаю тых, хто з лідараў сыходзіць. Лідар партыі павінен ісці да канца. Я не адабраю Януковіча, які ўцёк з Украіны. Наш Аляксандр Рыгоравіч так ніколі не зробіць”, — кажа Улаховіч. 

Па Сеніцкай выбарчай акрузе № 76 перамогу атрымала Людміла Падлужная, дырэктар цэнтра дзіцячага развіцця “Каласок”.

“Зараз вось у народа запатрабаваны такі дэпутат: які будзе займацца дзіцячымі садкамі, дарогамі і ўсякім іншым. Дык я вырашэннем жыллёва-камунальных праблем усё жыццё і без дэпутацтва займаўся”, — кажа Улаховіч пра рашэнне выбаршчыкаў на сваёй акрузе. 

Пра ўдзел у 2019 годзе ў прэзідэнцкай кампаніі, па словах казачага атамана, гаварыць пакуль рана: “Хто яго ведае, што там будзе налета”.

“З ім усё добра”

Два дзейныя дэпутаты не змаглі выйграць выбары: чаму і хто яны?
orshanka.by

А вось з Віталём Чудовічам з Аршанскай-Дняпроўскай выбарчай акругі №26 у Еўрарадыё звязацца не атрымалася. Яго параза на выбарах суправаджаецца чуткамі ў мясцовых СМІ пра цяжкую хваробу і нават інсульт, што нібыта і стала прычынай “непераабрання” праўладнага кандыдата. У парламент у выніку прайшоў Віталь Васюкоў, дырэктар мясцовага філіяла “Беларусбанка”.

— З ім усё добра, — адказвае Еўрарадыё на пытанне пра стан здароўя дэпутата яго помочніца Наталля Альхоўка.

— Але ён на бальнічным?

— Ой… Я не ведаю, я не ўпаўнаважана даваць каментарыі…

— А з чым вы звязваеце яго паразу?

— Ну, магчыма, гэта акурат звязана з гэтымі чуткамі пра яго стан здароўя…

Пра планы Віталя Чудовіча на жыццё пасля заканчэння дэпутацкіх паўнамоцтваў яго памочніцца не ведае. “Ён яшчэ не звязваўся са мной, я не ў курсе яго спраў”, — кажа Наталля Альхоўка. Нагадаем, у Чудовіча ўсё добра.  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі