Дварковіч: Рознагалоссі па цане на газ паміж Расіяй і Беларуссю захоўваюцца

Дварковіч: Рознагалоссі па цане на газ паміж Расіяй і Беларуссю захоўваюцца

Рознагалоссі па цане на газ паміж Расіяй і Беларуссю пакуль захоўваюцца. Пра гэта ў інтэрв'ю газеце "Ведомости" заявіў расійскі віцэ-прэм'ер Аркадзь Дварковіч. Паводле яго слоў, "беларускія партнёры інтэрпрэтуюць пэўныя нормы пагаднення такім чынам, што цэны на газ павінны быць ніжэй, чым запісана ў кантракце". Расійскі бок з гэтым не згодны і настойвае "на поўным выкананні кантракту".

Дварковіч адзначыў, што дыскусія ідзе не толькі пра кошт на газ у 2017 годзе, але і пра тое, што будзе далей. Для Мінска важнае "разуменне доўгатэрміновага перыяду", але ў Маскве не гатовыя зазіраць так далёка, паколькі не вядома, што будзе адбывацца на ўнутраным рынку газу Расіі. Аркадзь Дварковіч гаворыць, што ў падобных сітуацыях расійскі бок будзе кіравацца нацыянальнымі інтарэсамі.

Віцэ-прэм'ер прызнае, што адносіны з беларусамі "будуюцца няпроста, але іх трэба разглядаць у больш шырокім кантэксце, а не толькі ў частцы спрэчак адносна кантрактных цэнаў і ўмоваў паставак". Дварковіч нагадаў пра тое, што існуе саюзная дзяржава Беларусі і Расіі, а таксама пра тое, што "фармуюцца элементы Еўразійскага эканамічнага саюза".

Як вядома, Расія працяглы час заяўляе пра наяўнасць беларускай запазычанасці па аплаце за пастаўкі газу (каля 281 млн долараў). Справа ў тым, што наша краіна лічыла кантрактны кошт несправядлівым і недаплачвала. З восені ідуць перамовы, якія пакуль не далі выніку. 

Дварковіч: Рознагалоссі па цане на газ паміж Расіяй і Беларуссю захоўваюцца
Аркадзь Дварковіч. Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі