Дыпламатам з РФ могуць забараніць перасоўвацца па Шэнгенскай зоне — Politicо
Машына расійскага пасла перад будынкам МЗС Чэхіі, ілюстрацыйнае фота
Еўрасаюз хоча пазбавіць расійскіх дыпламатаў магчымасці перасоўвацца па Шэнгенскай зоне. Калі рашэнне будзе прынята, то гэтыя дыпламаты змогуць знаходзіцца толькі ў краіне, у якой яны акрэдытаваны. Такое абмежаванне ўнесена ў 13-ты пакет еўрапейскіх санкцый супраць Расіі, які плануюць прыняць у бліжэйшы час. Аб гэтым піша Politico са спасылкай на свае крыніцы.
Выданне зазначае, што гэта была даўняя просьба Чэхіі. Яна яшчэ ў мінулым годзе прасіла забраць свабоду перамяшчэння ў расійскіх дыпламатаў. Аднак пакуль незразумела, як гэтае рашэнне можа быць рэалізавана на практыцы, паколькі паездкі ўнутры Шэнгенскай зоны часта не кантралююцца.
Акрамя таго, у рамках новага пакета санкцый Еўракамісія мае намер таксама пашырыць спісы расійскіх кампаній, якім еўрапейскія фірмы не змогуць прадаваць тавары падвойнага прызначэння і ваенную прадукцыю. Мяркуецца, што гэты пакет санкцыяў будзе прыняты да другой гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.
Нагадаем, 12-ы пакет санкцыяў быў прыняты ў снежні 2023 года. Ён прадугледжваў абмежаванне на імпарт у Расію і экспарт адтуль шэрагу тавараў. Санкцыі супраць Расіі ўводзяць як адказ на яе агрэсію супраць Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.