Дыпламатычныя крыніцы: Прэзідэнт Карымаў памёр
Адразу тры дыпламатычныя крыніцы паведамілі пра смерць прэзідэнта Узбекістана Іслама Карымава. Інфармацыю пра яго смерць распаўсюдзіла агенцтва REUTERS.
Чуткі пра смерць узбекістанскага лідара цыркулявалі ў СМІ з мінулай нядзелі, калі стала вядома пра шпіталізацыю Карымава. Афіцыйныя ўлады абвяргалі яго смерць, але ж пры гэтым былі адмененыя афіцыйныя святкаванні з нагоды Дня незалежнасці Узбекістана, які адзначаецца 31 жніўня.
Сёння раніцай урад краіны афіцыйна заявіў, што Іслам Карымаў знаходзіцца ў крытычным стане.
1 верасня ў Самаркандзе, на малой радзіме Карымава, была цалкам перакрытая для руху тэрыторыя маўзалеяў Шахі Зінда. Там вялася прыборка тэрыторыі і прыхоўванне будаўнічых хібаў. Паводле выдання centre1.com, гэта можа сведчыць пра нейкія падрыхтоўчыя працы.
Раней цэнтральнаазіяцкія СМІ паведамлялі, што ў Самаркандзе вядзецца падрыхтоўка да пахавання Іслама Карымава.