Дырэктар ЦРУ заявіў, што ў Сірыі загінула “пара соцень рускіх”
Дырэктар ЦРУ заявіў, што ў Сірыі загінула “пара соцень рускіх”. “Некалькі тыдняў таму рускія сустрэлі годнага праціўніка”, — сказаў Майк Пампеа на слуханнях у Сенаце, прысвечаных яго вылучэнню на пасаду дзяржсакратара ЗША. Пампеа прывёў факт (як і пра высылку расійскіх дыпламатаў) як прыклад дзеянняў адміністрацыі Злучаных Штатаў, накіраваных на стрымліванне Расіі.
Сайт meduza.io не выключае, што гаворка ідзе пра бой у наваколлі Дэйр-Эз-Зора ў Сірыі, дзе ў ноч на 8 лютага маглі загінуць і быць параненымі, па розных звестках, ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх соцень расійскіх наймітаў. Падраздзяленне сірыйскай арміі спрабавала захапіць штаб курдскіх фармаванняў і нафтаправод, які яны кантралявалі. Аднак амерыканцы нанеслі па наступаючым авіяўдар. Афіцыйная асоба ЗША ўпершыню прызнала, што там былі не толькі сірыйскія вайскоўцы, але і расійскія.