Дырэктар музшколы: Унучкі Лукашэнкі заслугоўваюць прэзідэнцкую стыпендыю

Фартэпіянны дуэт Дар'і і Анастасіі Лукашэнка атрымаў гран-пры нацыянальнага радыёконкурсу "Маладыя таленты Беларусі". Дзяўчынкам не было роўных у намінацыі "Інструментальная музыка. Ансамблі", — запэўнівае аўтар і кіраўнік праекта Таццяна Якушава:

"Тут немагчыма нешта падтасаваць — ці ты граеш, ці не граеш. Гэта шыкоўныя дзяўчынкі. Для мяне, дарэчы, гэта вельмі прыемнае адкрыццё. У інтэрнэце людзі пішуць розную гідоту, нават не разумеючы, што дзяўчынкі не спяваюць, а граюць. Сыграць на раялі — гэта не песню праспяваць! Гэта чорная праца, аранне з ранку да ночы. Таму і аддалі галоўныя ўзнагароды менавіта інструменталістам".

Як даведалася Еўрарадыё, музыкай сёстры Лукашэнка займаюцца з ранніх гадоў. Яны вучацца ў 10-й музычнай школе імя Яўгена Глебава. Прычым, дзяўчынкі з'яўляюцца ўладальніцамі гран-пры міжнародных музычных конкурсаў у Італіі, Расіі, Францыі.

"Думаеце, там таксама ім нешта падтасоўвалі?" — адказвае "тролям" Таццяна Якушава.

Еўрарадыё ў інтэрнэце сапраўды знайшло спасылкі на міжнародны конкурс юных выканаўцаў у Італіі "Amicci dela Musica", дзе дзяўчынкі ўзялі галоўную ўзнагароду. Імя Анастасіі Лукашэнкі ёсць у ліку дыпламантаў конкурсу піяністаў, які ладзіць Руская кансерваторыя імя Аляксандра Скрабіна ў Парыжы. Таксама дуэт удзельнічаў у канцэрце зорак буйнога расійскага конкурсу "Срэбраны камертон" у Санкт-Пецярбургу.

На конкурсе"Маладыя таленты Беларусі" дуэт Дар'і і Анастасіі Лукашэнка выконваў "Вялікі бліскучы вальс" Шапэна, "Жарт" Баха і "Вальс" Свірыдава.

"У іх вельмі высокая планка, — працягвае Таццяна Якушава. Яны мусяць адпавядаць свайму статусу. Калі б гэтага не было, іх проста ніхто б нікуды не выпусціў. Гэта ж не проста нейкі эстрадны канцэрцік, дзе можна паскакаць! Яны адпавядаюць, і я вельмі рада гэтаму".

Адзін з членаў журы конкурсу спявак Тэа (Юрый Вашчук) таксама ў захапленні ад майстэрства унучак Лукашэнкі:

"Дзяўчынкі гралі вельмі віртуозна. Я, шчыра кажучы, быў уражаны іх выканальніцкім майстэрствам. То бок, відавочна, што дзеці займаюцца і займаюцца вельмі шмат. Таму тут "граць прозвішчам" не варта, бо ўсе тыя, хто прысутнічаў на конкурсе, і гледачы, і госці, разумелі, што гэта заслужана".

Дырэктар музычнай школы №10 Тамара Куніцкая, дзе Дар’я і Анастасія вучацца музыцы, абураецца рэакцыяй грамадскасці на перамогу дзяўчынак у конкурсе "Маладыя таленты Беларусі".

"Навошта, не ведаючы прафесійнай сутнасці пытанняў, крыўдзіць дзяцей? Гэта сыграны, тэхнічна насычаны фартэпіянны ансамбль. Гэта працаўніцы, якія вельмі сур'ёзна, з любоўю да музыкі, займаюцца ўжо некалькі гадоў. Яны вельмі камунікабельныя, ветлівыя, добра паводзяць сябе ў калектыве. Вось з-за такіх негатыўных размоў я не магу дзяўчынак падаць на прэзідэнцкую стыпендыю па падтрымцы таленавітай моладзі. Хаця яны заслугоўваюць яе, прычым, даўно і справядліва. Прыходзьце на нашы школьныя канцэрты, на якіх, у тым ліку, выступаюць і гэтыя дзяўчынкі. Прыходзьце і атрымайце задавальненне", — запрашае Тамара Арцёмаўна.

Нацыянальны конкурс "Маладыя таленты Беларусі" прайшоў у чацвёрты раз. Сёлета ўдзельнічала 250 вучняў і студэнтаў музычных школ і каледжаў. Узнагароджваліся ў 4-х намінацыях "Інструментальная музыка. Сола", "Інструментальная музыка. Ансамбль", "Эстрадны вакал" і "Спадчына".

Апроч сясцёр Лукашэнка гран-пры конкурсу таксама атрымалі інструменталісты Паліна Склярава і Максім Барбаш. Лаўрэатамі сталі інструментальнае трыа з Дзяржынска, Зінаіда Купрыяновіч і Ганна Зайцава, фальклорны гурт "Рада" пад кіраўніцтвам Ірэны Катвіцкай і іншыя маладыя музыкі. Усе пераможцы конкурсу "Маладыя таленты Беларусі" запісалі відэа-канцэрт у суправаджэнні Вялікага сімфанічнага аркестра беларускага радыё. Пакажуць канцэрт падчас навагодніх святаў на канале Беларусь 3.


Нагадаем, год таму Дар'я і Анастасія Лукашэнка сталі пераможцамі дзіцячага літаратурнага конкурсу "Гуляй, зіма, твая часіна!", прадставіўшы беларускамоўныя казкі пра снегавічка і адзінарога.

Фота: www.det-fond.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі