Дырэктар школы расказаў пра фальсіфікацыі на выбарах... і яго не звольнілі!
Віталь Бубен / instagram.com
17 жніўня дырэктар Дубаўлянскай сярэдняй школы (Мінскі раён) Віталь Бубен расказаў у сацсетках пра свае сумневы ў выніках прэзідэнцкіх выбараў: "Публічна заяўляю: вынікі выбараў фальсіфікаваныя. Доказаў няма, толькі мае паказанні (пакуль што)".
На ўчастку №84, дзе дырэктар школы працаваў назіральнікам, Аляксандр Лукашэнка па пратаколе набраў 1065 галасоў, а Святлана Ціханоўская — 405.
— Калі я адчуў, што ў народзе з'явіліся сілы, я адправіўся 16 жніўня ў Мінск на акцыю пратэсту, а пасля апублікаваў пост. Практычна ўсе калегі мяне падтрымліваюць, — расказвае Еўрарадыё Віталь Бубен.
Таксама ён вырашыў арганізаваць у Дубаўлянскай школе забастоўку. Сярод вылучаных патрабаванняў: прызнаць несапраўднымі вынікі выбараў, злачынным — задушэнне мірных пратэстаў, вызваліць ад пасады Аляксандра Лукашэнку, сфармаваць камісію па распрацоўцы новай Канстытуцыі і часовага ўрада.
— Усе работнікі Дубаўлянскай сярэдняй школы будуць абаронены ад звальнення або дысцыплінарнага спагнання, — падкрэслівае дырэктар школы.
У "Тэлеграме" тут жа з'явіліся чуткі пра тое, што Віталя Бубна звальняюць. Аднак у размове з Еўрарадыё ён іх не пацвярджае.
— Я працягваю працаваць. Са мной, вядома, звязаліся з адміністрацыі, патэлефанавала начальніца ўпраўлення па адукацыі. Аднак ніякіх захадаў не было. Чыноўніца, можна сказаць, станоўча паставілася да майго рашэння, — расказвае Бубен.
Дырэктар школы звяртаецца да ўсіх работнікаў сферы адукацыі:
— Калі мы разам не зробім гэта зараз, то ўся наша адукацыя бессэнсоўная і вядзе краіну ў бездань. Калі мы пра сябе не заявім, значыць, народ мае рацыю, усе настаўнікі — злачынцы, няма ім веры. Толькі разам мы зможам адстаяць краіну, гісторыю, справядлівасць, будучыню! Я не хачу пакідаць сваю працу, я яе люблю, але далей трываць гэта не змагу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.