Дз. Бутрын, “Ъ”: "У наступным годзе газ для Беларусі можа стаць таннейшым"

Беларусь хоча плаціць за газ 130 долараў, а Расія будзе патрабаваць 160.
Мітусня вакол газавай спрэчкі прыціхла, але праз месяц перамовы паміж “Газпромам” і “Белтрансгазам” працягнуцца. На гэты раз спрэчка будзе вакол цаны на газ у наступным годзе.
Нагадаем, Беларусь звязана з “Газпромам” кантрактам да 2011 года. У дамове прапісана наступная формула: з 2008 года за расійскі газ Беларусь будзе плаціць 67% ад еўрапейскай цаны, у 2009 – 80%, у 2010 – 90%. З 2011 года мы пачнем купляць газ па рынкавай цане. Цяпер мы аплачваем 50% еўрапейскай цаны, і гэта складае 100 долараў.

Аднак гэта не азначае, што ў наступным годзе цана павысіцца толькі на тыя 17%, якія ўказаны ў формуле. Справа ў тым, ад якой “еўрапейскай” цаны адштурхоўвацца. Як ні дзіўна, для розных краінаў гэтая цана розная.

Напрыклад, Беларусь цяпер аплачвае палову еўрапейскай цаны і пры гэтым плаціць 100 долараў, хаця мусіла б плаціць 120, таму што еўрапейская цана роўная 240 доларам. Дзякуючы навагоднім перамовам “Белтрансгазу” ўдалося атрымаць у “Газпрома” 20%-ую зніжку. Такім чынам і цяпер Беларусь будзе зніжаць для сабе еўрапейскую цану, а Расія – максімальна набліжаць яе да рынкавай.

Еўрарадыё вырашыла звярнуцца да расійскіх экспертаў, таму што сёння ўсе ўмовы дыктуе Расія.

Навуковы кіраўнік вышэйшай расейскай школы эканомікі прафесар Яўген Ясін не сумняецца, што цэны на газ будуць расці.

Ясін: Прагнозы па нафце даволі яскрава паказваюць у бок далейшага падвышэння. Але пакуль цяжка сказаць – з якой хуткасцю. А адпаведна з новай расійскай палітыкай гэта будзе адлюстроўвацца і на Беларусі. Што тычыцца прадмета перамоваў, то я думаю, гэта будзе рашэнне пытанняў пра рэжым і ўмовы падвышэння цэнаў.

Па словах жа Дзмітрыя Бутрына, загадчыка аддзела эканамічнай палітыкі газеты “Коммерсантъ”, нагоды для моцнага павелічэння цэнаў няма. Тым больш, што мінулая зіма была адносна цёплай. Як мяркуе эксперт, Беларусь можа нават… знізіць цану на газ!

Бутрын: Вялікіх змяненняў не чакаецца, больш за тое, у Беларусі ёсць падставы гаварыць нават пра тое, што цэны на газ могуць быць зніжаны. Гэта таксама можа быць прадметам перамоваў.

Эксперт лічыць, што Украіне газ будзе каштаваць болей, чым Беларусі.

Бутрын: Таму, што беларускі ўрад даволі жорстка адстойвае свае інтарэсы. Груба кажучы, у Беларусі даволі жорсткія перамоўныя пазіцыі і на самой справе меншая запатрабаванасць у газе, як гэта ні дзіўна. Менавіта таму ў Беларусі ёсць магчымасць большага манёўру, чым ва Украіны.

Ён таксама зазначыў, што “Газпром” не будзе ўносіць змены ў формулу разліку цаны.

Бутрын: Змены ў формулу ўносіцца не будуць. І думаю, што расійскі бок будзе дабівацца ад “Белтрансгазу” больш выгадных для сябе плацяжоў. Каб па факце атрымліваць грошы ў больш зручны для сябе час і ў больш зручнай форме.

Як паведаміла ў пятніцу агенцтва “Прайм-ТАСС”, беларускі ўрад хоча дамовіцца з “Газпромам” аб пастаўках газу ў краіну ў 2008 годзе па цане 130 долараў. Калі лічыць, што гэта 67% ад еўрапейскай цаны, то Беларусь “усталявала” рынкавую цану для Еўропы ў 200 долараў.

Аднак “Газпром” ужо зараз прадае газ Еўропе па 240 долараў. Калі гэтая цана не зменіцца, расійская прапанова для Мінску — 160 долараў. За гэтую розніцу і будзе спрэчка на перамовах.

Фота - http://www.flickr.com/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі