Дзе кандыдаты ў прэзідэнты возьмуць грошы на перадвыбарную кампанію?

На сёлетніх выбарах кандыдаты ў прэзідэнты змогуць патраціць на агітацыю больш за 60 тысяч долараў. Каля 26 тысяч выдасць Цэнтрвыбаркам, астатнія грошы прэтэндэнты павінны шукаць самі. Еўрарадыё пацікавілася, ці будуць кандыдаты ствараць індывідуальны фонд і адкуль плануюць браць грошы.

Як прызнаўся намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, ствараць асабісты фонд ён будзе абавязкова. Але яго памер для такой кампаніі выглядае смешным.

Яраслаў Раманчук: “35 тысяч долараў — гэта не грошы паводле любых мерак. Калі на выбары нейкага мясцовага мэра невялічкага горада ва Украіне, Польшчы альбо Літве трэба больш грошай, чым на выбары прэзідэнта ў Беларусі — гэта проста, каб стварыць уражанне, што ў Беларусі хоць такая вольніца дазволена. Насамрэч гэта не з’яўляецца нечым значным, каб паўплываць на ход кампаніі, на распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў”.

Раманчук спадзяецца, што грошы будуць пералічваць найперш сябры партыі і проста яго прыхільнікі. Што тычыцца прадпрымальнікаў, то яны могуць пабаяцца гэта рабіць, бо пры пералічэнні грошай на рахунак кандыдата неабходна падаваць усе звесткі пра сябе.

Найперш на звычайных людзей разлічвае і каманда лідара кампаніі “Гавары праўду!” Уладзіміра Някляева. Пра гэта Еўрарадыё расказаў кіраўнік штаба Андрэй Дзмітрыеў.

Андрэй Дзмітрыеў: “Будуць ахвяраванні людзей па ўсёй краіне ў наш выбарчы фонд. Я ўпэўнены, што ў нас гэта атрымаецца, што ахвяраванні будуць і што мы здольныя сфармаваць большы фонд, чым нам дазволіла дзяржава”.

Пры гэтым Дзмітрыеў выказаў здзіўленне абмежаваннямі, якія прапісаныя ў палажэнні Цэнтрвыбаркама. Згодна з імі, сам кандыдат не можа пералічыць у гэты фонд больш за 600 долараў, юрыдычная асоба — больш за 300, фізічная — больш за 100 долараў.

Гэты факт выклікае незадаволенасць і ў лідара “Еўрапейскай Беларусі” Андрэя Саннікава.

Андрэй Саннікаў: “Вось на гэта і разлік быў — трэба, каб шмат людзей пералічвалі. Да таго ж я прадбачу, што кампаніі будуць вагацца: не кожны хоча казаць, што ён дапамагаў. А вось з фізічнымі асобамі — я думаю, што тут праблем не будзе”.

Адначасова ён пагадзіўся з тым, што дазволены памер фонду з’яўляецца замалым.

Старшыня савета Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Віктар Цярэшчанка таксама плануе напаўняць асабісты фонд як ад фізічных, так і ад юрыдычных асоб. Тое ж кажа і прадпрымальнік Дзмітрый Ус. Ён адзначае, што будзе збіраць грошы паводле прынцыпу “хто колькі дасць”.

Пускаць “шапку па коле” збіраецца і прэтэндэнт ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Але адначасова разлічвае і на прадпрымальнікаў, грамадзянаў Беларусі, якія працуюць за мяжой.

Рыгор Кастусёў: “Шапку па коле пусцім сярод фізічных асоб, але ёсць яшчэ і сябры-прадпрымальнікі, якія маюць больш-менш станоўчыя фінансавыя магчымасці, — і я спадзяюся, што яны дапамогуць. Яны грамадзяне Беларусі, але працуюць у Расіі. Паколькі яны ўсё ж грамадзяне Беларусі, то маюць права аказаць дапамогу”.

І спадзяецца, што дазволеную законам суму ён сабраць здолее. У чым сумняецца сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі. Дакладней, ён ўпэўнены, што ахвочых яго грашова падтрымаць будзе шмат, але неафіцыйна, без пераліку грошай на рахунак праз банк.

Віталь Рымашэўскі: “На выбітны вынік афіцыйнага рахунку мы не разлічваем. Але ўвогуле на дапамогу разлічваем. Каб не дапамога грамадзянаў, немагчыма было БХД паспяхова правесці этап збору подпісаў. Гэта я вам кажу адкрыта. Многія знаёмыя і тыя, хто ведае пра дзейнасць БХД, могуць падтрымаць, не карыстаючыся нейкімі фондамі. Таму мы разлічваем на далейшую падтрымку гэтых людзей і на тое, што да іх далучацца новыя людзі. Бо ўсё, што дазваляе ўлада рабіць афіцыйна, — гэта пастка для тых, хто хоча ахвяраваць грошы”.

У тым, што і звычайныя людзі, і фірмы пабаяцца адкрыта падтрымліваць дэмакратычных кандыдатаў і пералічваць грошы ў іх фонд, упэўнены і Мікола Статкевіч. Таму, кажа, нават ствараць такі фонд не плануе, а скарыстаецца тымі грашыма, што дасць Цэнтрвыбаркам.

Фота: http://bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі