Дзе патусіць на выхадных 2-4 жніўня, раіць Сяргей Скрыпнічэнка
Дызайнер і музыка, лідар “Zygimont Vaza” і праекта Skrypa MX збіраецца схадзіць у кіно і наведаць некалькі выставаў. На канцэрты яго зараз не цягне.
Сяргея “Скрыпу” Скрыпнічэнку ловім па дарозе з абеду. У кішэні — скручаная цыдулка з цікавымі мерапрыемствамі. У нядзелю Skrypa паедзе ў лес, а вось у пятніцу-суботу збіраецца здзейсніць некалькі адукацыйных і забаўляльных паходаў.
Пачынае Сяргей Скрыпнічэнка з кіно. Сам падумвае і, натуральна , раіць усім падацца на фільм “Рэд 2” рэжысёра Дзіна Парыза.
“Пайду, таму што гэта весела і душэўна, — характарызуе Skrypa абраную стужку. — Маўляў, баявік, а насамрэч гэта ніякі не баявік, а камедыя, зробленая ў жанры баявіку. Там добрыя акцёры, і першы “Рэд” мне таксама спадабаўся. Ёсць кіно для роздумаў — а гэта кіно для адпачынку, для настрою. Добра пабавіць час”.
А вось на “Расамаху” Джэймса Мэнголда музыка не пойдзе, бо фэнтэзі — не яго жанр. Іншая справа — фантастыка, чытаць якую было модна ў часы ранняй маладосці маладога яшчэ Скрыпнічэнкі і якую можна, часам, паглядзець і зараз.
Як чалавек з мастацкай адукацыяй і проста як цікаўная асоба, Skrypa рэгулярна наведвае выставы. Гэтыя выхадныя — не выключэнне.
Сяргей Скрыпнічэнка: “Трэба абавязкова пайсці на “Беларускі кінематограф ХХ стагоддзя ў кінаплакаце”, таму што гэта мне цікава. І тым больш што плакат на Беларусі як жанр мастацтва быў і застаецца ў неразвітым стане. Таму розныя артэфакты з мінуўшчыны, кшталту беларускага кінаплакату мінулых гадоў, гэта вельмі цікава, бо гэта сапраўдныя рарытэты”.
Апроч таго, Skrypa абавязкова сходзіць у Нацыянальны мастацкі музей. Любімы жанр — сармацкі партрэт — натхняе музыку і дызайнера на частыя вандроўкі па музейных залах — проста дзяля таго, каб атрымаць настрой. Гэтым разам Скрыпнічэнка не прапусціць экспазіцыю “Партрэты ўладароў і магнатаў ВКЛ”, а таксама выставу трох абразоў з найбуйнейшых музеяў Беларусі.
“Ёсць выстава, назва якой гаворыць сама за сябе: “Молодёжь и мир: пути решения глобальных проблем”, — такая частка нашай рэальнасці. Назва паходзіць з камсамольскіх лозунгаў 70-80 гадоў. Назва ні пра што. Гэта проста справаздача нейкай грамадскай арганізацыі. Я не кажу, што гэта дрэнна ці добра, я ўвогуле ніякай якаснай ацэнкі не даю. Але разумею, што ў здаровым розуме я не пайду на гэтую выставу ніколі”, — рэзюмуе Скрыпнічэнка.
У тэатры і на канцэрты Skrypa зараз не ходзіць — бываюць і такія перыяды ў творцаў:
“Мне ўвогуле не цікавыя зараз ніякія канцэрты, ніякіх жанраў, ніякіх стыляў музычных: ні класікі, ні джазу — нічога. І не важна, з чым гэта звязана. Гэта мне зараз проста не цікава”.
Адпаведна, раіць некаму нешта на дадзены момант Скрыпнічэнка не бачыць ніякага сэнсу.
А мы ў сваю чагу нагадваем, што 3 жніўня на востраве ў Камсамольскім возеры адбудзецца вялікі і развясёлы пікнік Freaky Summer Party. А на літоўскім “Galapagaj” сыграюць “Ляпісы” і “Акутэ”. Еўрарадыё таксама будзе там! Сустрэнемся!
Фота з Facebook музыкі