Дзе трымаюць грошы беларускія эканамісты?
Рублёвы ўклад “Пенсійны” і зберагальныя карткі беларускіх эканамістаў.
Старшыня Нацбанка Надзея Ермакова падчас жывой лініі прызналася Еўрарадыё, што захоўвае грошы на рублёвым дэпазіце, уклад “Пенсійны”. Фішка ўкладу ў тым, што грошы з дэпазіту можна забраць у любы момант.
“У мяне невялікая стаўка, недзе 27%, калі не памыляюся. У мяне ўклад “Пенсійны”, з якога грошы можна здымаць штодзень. Я цяпер без жылля — будуюся, таму іншым разам трэба разлічвацца з будаўнікамі. Я сціплы чалавек, таму і на дэпазіце ў мяне невялікая стаўка, каб мяне як старшыню Нацбанка не папракнулі, што я праводжу палітыку высокіх ставак”, — прызнаецца Еўрарадыё Надзея Ермакова.
Прыкладна гэтай жа стратэгіі прытрымліваецца і фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб. Аналітык прызнаецца, што трымае грошы на зберагальнай картцы.
“Зберагальная картка, з аднаго боку, дае працэнты практычна як па тэрміновых дэпазітах, з другога, дзейнічае як дэпазіт да запатрабавання, што дазваляе зняць грошы ў любы момант. Стаўка даволі высокая (эканаміст не стаў рэкламаваць банк, але прызнаўся, што стаўка ў раёне 31% — заўвага Еўрарадыё). Аптымальны варыянт, які дазваляе спаць спакойна”, — заўважае Вадзім Іосуб.
Дарэчы, на яго думку, з беларускім рублём "прынамсі да прэзідэнціх выбараў нічога не зробіцца”.
Іосуб: “Цяпер выгадней трымаць грошы ў рублёвых дэпазітах. То бок гэта ўсё яшчэ больш, чым прыносяць валютныя дэпазіты з улікам тэмпаў дэвальвацыі. Стаўкі па дэпазітах у валюце — каля 5%».
Яшчэ адзін незалежны эканаміст, Сяргей Чалы, таксама трымае грошы на такой жа зберагальнай картцы.
“Мой банк, праўда, бярэ камісію за зняцце грошай, нават у банкамаце самога банка, але гэта цяпер для мяне самы выгадны прадукт. Да таго ж ці патрэбны гэтыя наяўныя гроша? Працэнтнай стаўкі не ўспомню”, — на думку эканаміста, калі гаворка ідзе пра больш доўгія тэрміны, можна пакласці грошы і да трох месяцаў на дэпазіт у рублях. Калі тэрмін большы, узнікаюць пытанні.
Эканаміст Леанід Злотнікаў папярэджвае, што грошай цяпер не мае, але рэкамендуе захоўваць грошы ў рублях. Гэта больш даходныя ўклады, чым валютныя.
Былы старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч усю сваю пенсію выдаткоўвае на сям'ю. Але ёсць зберажэнні. У валютных дэпазітах! Але тым, хто мае грошы, былы старшыня Нацбанка рэкамендуе трымаць іх у… рублёвых укладах.
“Пакуль інфляцыя, а яна складае, калі не памыляюся, 20%, даходнасць рублёвых дэпазітаў захоўваецца”, — кажа Станіслаў Багданкевіч.