Няясна, ці быў бяздомным беларус, які памёр на вакзале ў Варшаве, — пракуратура
Смерць беларуса ў Варшаве
Пракуратура Варшавы не ўпэўненая, што беларус, які памёр на вакзале ў нядзелю, быў бяздомным. Гэта вынікае з адказу афіцыйнага прадстаўніка ведамства Пятра Скібы, які атрымала на свой запыт Еўрарадыё.
Скіба пацвердзіў, што такая падзея сапраўды была. Цела грамадзяніна Беларусі цяпер знаходзіцца ў Інстытуце судовай медыцыны ў Варшаве. Паліцыя яшчэ не перадала матэрыялы справы ў пракуратуру, таму пакуль там не могуць паведаміць нічога больш.
Інцыдэнт адбыўся 22 снежня. Сведкі здарэння паведамілі, што мужчына "паслізнуўся і ўпаў у дзвярах" цэнтральнага чыгуначнага вакзала ў Варшаве. Яму было 52 гады.
Выданне Miejski Reporter па свежых слядах паведаміла, быццам ён быў бяздомным, але цяпер упэўненасці ў гэтым няма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.