Дзе ўпадзе грузавы карабель "Прагрэс М"?
Паводле папярэдніх прагнозаў, грузавік увойдзе ў шчыльныя слаі атмасферы раніцай 8 траўня.
Раскосмас прагназуе, што грузавы карабель "Прагрэс М-27М" упадзе 8 мая з 00:45 да 06:36 па мінскім часе. Амерыканцы давалі ў прагнозах больш позні час — прыкладна 16:30. Спачатку месцам падзення амерыканцы называлі Ціхаакіянскае ўзбярэжжа ЗША. Пазней прагноз удакладнілі: паводле новых разлікаў, карабель "Прагрэс" можа ўвайсці ў шчыльныя слаі атмасферы ў другой палове дня 8 мая ў раёне Афрыканскага Рога. Ён упадзе ў заходняй частцы Індыйскага акіяна, а не каля берагоў ЗША.
Яшчэ пазней амерыканская Сістэма кантролю касмічнай прасторы вызначыла, што грузавік "Прагрэс М-27М" можа ўвайсці ў шчыльныя слаі атмасферы над Ціхім акіянам за 3 тысячы кіламетраў на ўсход ад Інданезіі. Зона, дзе могуць зваліцца абломкі карабля, знаходзіцца паміж 51,6 градуса паўднёвай шыраты і 51,6 градуса паўночнай шыраты.
Раскосмас пакуль не можа даць дакладнага прагнозу, дзе і калі ўпадзе грузавік "Прагрэс".
"Прагрэс М-27М" стартаваў на ракеце-носьбіце "Саюз" з касмадрома Байканур 28 красавіка. Пасля таго, як аддзялілася трэцяя ступень, карабель апынуўся на неразліковай арбіце і, хутка круцячыся вакол сваёй падоўжнай восі, пачаў некантраляванае зніжэнне.
Большая частка карабля і грузу павінныя згарэць у атмасферы. Але на борце ёсць тытанавыя балоны з кіслародам, вадой, гаручым, акісляльнікамі і іншымі газамі, якія могуць дасягнуць Зямлі. Па розных падліках, паверхні Зямлі могуць дасягнуць 10-40% масы — гэта ад 700 кг да 3 тон.
Маса карабля 7289 кг, на борце было 2357 кг грузу.
Фота: nasa.gov