Дзень Волі ў Лондане адзначаюць імшой, а ў Маскве — салютам і шампанскім

У дзень прызнання незалежнасці БНР 25-га сакавіка Еўрарадыё вырашыла даведацца, як адзначаюць гэтае свята беларусы па ўсёй планеце Зямля
Нью-Джэрсі і Нью-Ёрк Дзень Волі святкуюць разам у гатэлі Hyatt Regency.

"У нас святкаванне урачыстае. У беларускай праваслаўнай царкве Жыроўскай божай маці ў нас імша. А потым у гатэлі мы маем абед і канцэрт. У тым годзе да нас прыйшлі з мясцовай газеты. Таксама нам прыходзіла шмат віншаванняў ад амерыканскіх кангрэсменаў, а таксама ад губернатара Нью-Джэрсі і Нью-Ёрку. А сенатар Латэнбер узгадаў, што яго бабуля нарадзілася ў Мінску. А ў гэтым годзе мы распавядалі кангрэсменам пра тое, якая сітуацыя цяпер на Беларусі, бо многія не ведаюць", — распавёў Еўрарадыё старшыня Беларуска-амерыканскага задзіночання ў Нью-Ёрку і Нью-Джэрсі Юрка Азарка.

А Таронта і Атава святкуюць па чарзе. 29 сакавіка ў Беларускім грамадска-рэлігійным цэнтры ў Таронта будзе святкаванне. У праграме плануецца ўрачыстая багаслужба  ў царкве Св. Кірылы Тураўскага, прывітанне Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, святочны канцэрт і смачны абед. 29 сакавіка мае адбыцца прагляд дакументальнай стужкі Юрыя Хашчавацкага “Дзень Волі-2008”. 

А вось Атава будзе святкаваць на тыдзень пазней, распавяла Еўрарадыё Ўлада Шамецька:

"У гэтым годзе мы збіраемся 4 красавіка. Будзе выступаць Сурвіла. Даедуць госці з Таронта. Звычайна каля 60 атаўскіх беларусаў збіраюцца на святкаванне. Бываюць канцэрты, спяваюць дзеці з беларускай школы. Пасля п’ем каву з прысмакамі, размаўляем пра Беларусь".

У Лондане святкаванне праходзіць у беларускай бібліятэцы Францыска Скарыны. На 90 год БНР быў нават урачысты прыём, распавёў айцец Аляксандр Надсан з Лондана:

"У нас адзначаецца звяставанне, свята царкоўнае, і нацыянальнае беларускае БНР, так што ў нас падвойнае свята. Урачыстая свецкая імпрэза будзе ў суботу. Пачнем малітвай, а потым будзе вечарына. 

А на 90-годдзе быў урачысты прыём, “рэзэпшэн”, як у нас кажуць. было больш за 100 чалавек з Беларусі і ЗША. Усё ў гатэлі праходзіла. Кожны год прыходзіць былы амбасадар Брытаніі у Беларусі Брайн Бэнэт. Цяпер ён на пенсіі, але Беларусь не забывае".

У Варшаве штогод праходзяць акцыі каля амбасады Беларусі, але многія людзі едуць на акцыю у Мінск. А гэтым разам маладыя людзі выправіліся у Белавежу, каб ушанаваць памяць генерала Булаховіча, распавёў Еўрарадыё Анатоль з Беларускай нацыянальнай памяці:

"Мы паехалі па Беласточчыне на магілы беларускіх дзеячаў. Зараз едзем з Белавежы, дзе ўшанавалі генерала Булак-Булаховіча, у Беласток, дзе будзе святочная вечарына і каталіцкая беларуская імша".

У Вільні звычайна ўскладаюць кветкі да помніка заснавальнікам БНР на Могілках Роса. А ў царкве Святой Тройцы ў Базыльянскіх мурах адбываецца набажэнства за Беларусь. Таксама адбываюцца святочныя канцэрты.

Святкаванне Дня Волі ў Празе адбудзецца ў суботу 28 сакавіка ў рэстаране CITY  там звычайна адзначаюць у выходны дзень, распавяла Еўрарадыё Рыта Гаціх з Аб'яднання беларусаў Прагі імя Францыска Скарыны.

"У Празе на Дзень Волі ходзяць на могілкі, дзе пахаваныя старшыні Рады БНР. А потым усе ідуць на прагулку святочную, альбо у рэстарацыю. 25 — працоўны дзень, таму ў Празе святкаванне перанеслі на суботу. А у мінулым годзе была канферэнцыя па Беларусі з удзелам Пазьняка і Сурвілы. У гэтым годзе яшчэ пойдзем да помніка Скарыну".

А вось маскоўскія беларусы святкуюць нефармальна: год таму быў салют каля помніка Купалу, а ў гэтым — рэстаран “Белая Русь”.

"Час ад часу прыязджаюць да нас гісторыкі і пісьменнікі. Але ў мінулым годзе было больш нефармальна. У нас быў салют, шампанскае побач з помнікам Янку Купалу. А ў гэтым годзе рэстаран “Белая Русь”", — распавёў Еўрарадыё Аляксандр Чайчыц з Масквы.

Вось так беларусы па ўсім свеце адзначаюць Свята беларускай незалежнасці, ад ЗША да Аўстраліі.






Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі