Дзіця-астматык стала прычынай адмовы ў адраснай падтрымцы

Аказалася, што вываз у Крым хворага дзіцяці ў цэнтрах сацыяльнай падтрымкі расцэньваюць як выязны турызм. Калі знайшліся грошы на паездку, значыць, знойдуцца і на жыццё. Журналіст Еўрарадыё ад імя адзінокай маці паспрабаваў атрымаць адрасную сацыяльную падтрымку ў розных сталічных цэнтрах сацыяльнай падтрымкі. У Партызанскім раёне Еўрарадыё назвалі шэраг дакументаў, неабходных для сацыяльнай падтрымкі: пашпарт, пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, даведка з ЗАГСа, што з’яўляюся адзінокай маці (калі не была ў шлюбе), даведка з месца працы аб прыбытках за апошнія тры месяцы. Мы запыталіся, як працуе камісія.

Супрацоўніца: Гэта наша праца. А чаго вы баіцеся? Камісія прыйдзе для складання акта матэрыяльна-бытавога становішча сям’ і, іх вось такая задача.
Еўрарадыё: Справа ў тым, што мы з дзіцём ездзілі ў Крым.
Супрацоўніца: Так, у вас было перасячэнне мяжы. Значыць, самі паехалі адпачыць. Так?
Еўрарадыё: Мы не адпачываць ездзілі. Ён астматык, таму яму неабходна было выехаць у Крым.
Супрацоўніца: Ну, дык вы ж не па пуцёўцы ездзілі. Ну, калі б нехта накіроўваў. Напрыклад, паліклініка выдала пуцёўку. Вам не будзе аказана падтрымка. Калі гэта не за кошт уласных сродкаў, тады прадастаўляйце дакументы, і камісія будзе разглядаць.

Хворае дзіця не паважная прычына, з-за якой ажыццяўляўся так званы “выязны турызм” у апошнія 12 месяцаў. У цэнтры сацыяльнай падтрымкі Фрунзенскага раёна шчыра сказалі, што спачатку прыйдзецца напісаць тлумачальную запіску, у якіх умовах вы жывяце, як ведзяце асобную гаспадарку ад бацькоў, а затым запоўніць своеасаблівую дэкларацыю: ці ёсць у вас машына, лецішча, гараж? Галоўная задача камісіі - высветліць, ці давалі вы ілжывыя сведчанні. Вядзенне асобнай гаспадаркі, калі вы жывяце разам з бацькамі, прыйдзецца даказваць наяўнасцю ўласнай мэблі, двума халадзільнікамі.

Супрацоўніца: Па логіцы рэчаў – гэта правільна. Ёсць пункт:”Я вяду асобную гаспадарку”, пад якім вы падпісываецеся.
Еўрарадыё: У нас кухня маленькая, і там змяшчаецца толькі адзін халадзільнік. Адсутнасць яшчэ аднаго халадзільніка можа стаць перашкодай?
Супрацоўніца: Ну, вы і пытанні задаеце! На паліцы павінна быць напісана: паліца мамы, паліца таты і вашая паліца з дзіцём.

Адмовіць маладой маці, у якой ёсць старэнькі аўтамабіль, у Фрунзенскім цэнтры сацыяльнай абароны лічаць правільным.

Супрацоўніца: Узнікае пытанне, адкуль на аўтамабіль вы грошы знаходзіце, а на ежу свайму дзіцяці не знаходзіце. Гэта нармальнае чалавечае пытанне.

Нікога не цікавіць, што аўтамабіль куплены 10-15 гадоў таму. Галоўнае, што ён у вас ёсць.
Еўрарадыё запыталася ў адной з супрацоўніц Савецкага раёна, ці не засмучае яе той факт, што даводзіцца хадзіць па чужых кватэрах.

Супрацоўніца: Ну, гэта шмат часу займае, працы шмат, нічога не паспяваем. Кожны дзень да 8 затрымліваемся, па суботах выходзім, на абследаванні ходзім, камісію збіраем.

Пры такім графіку працы супрацоўніцы аддзела атрымліваюць у сярэднім 550 тысяч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі