Дзіяну Арбеніну выпісалі з лякарні, хоць дакладны дыягназ не паставілі
Расійскую рок-зорку, фронвумэн гурта “Начныя снайперы” Дзіяну Арбеніну выпісалі з французскай клінікі, куды яна трапіла напярэдадні з сардэчным прыступам. Як паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу спявачкі, Арбеніна выпісалася пад сваю адказнасць, небяспекі для яе жыцця няма.
Далейшае абследаванне лідарка “Начных снайпераў” плануе прайсці ў Расіі. Дакладны дыягназ французскія медыкі ёй не паставілі і боль у сэрцы не знялі.
У сваім Інстаграме Арбеніна падзякавала прыхільнікам за падтрымку. Яна адзначыла, што пачуваецца лягчэй і ўжо можа варушыць рукамі і нагамі. “Калі ласка, не забывайцеся, што наша музыканцкае жыццё спрэс складаецца з пералётаў, пераездаў, часавых паясоў… Ну не даў рады крыху арганізм. Але я абяцаю дамовіцца з сэрцам, дамовіцца з галавой. Пастараюся сябе крыху берагчы”, — сказала рок-спявачка.
9 сакавіка яна мусіць даць канцэрт у Мінску.