Дзмітрый Мядзедзеў: Беларусі трэба расследаваць справы аб знікненні людзей

Расійскі прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў у сваім відэаблогу выказаўся наконт адносінаў Беларусі і Расіі.
У сваім выступленні, якое ён адрасаваў не толькі расіянам, але і беларусам, расійскі прэзідэнт даволі жорстка выказаўся пра "антырасійскую рыторыку", якую "прыняло на ўзбраенне кіраўніцтва Беларусі", назваў лічбу дапамогі, якую сёлета атрымала Беларусь ад Расіі, распавёў пра першую размову з Лукашэнкам, і згадаў пра справы зніклых беларускіх апазіцыянераў.

Прыводзім вытрымкі з яго выступлення.

Дзмітрый Мядзедзеў: "Мы заўсёды дапамагалі беларускаму народу. З моманту распаду Савецкага Саюза, а гэта амаль 20 гадоў. І аб'ёмы гэтай падтрымкі, што б там не гаварылі, вялізныя. Толькі ў гэтым годзе за кошт льготных паставак нафты нашая дапамога Беларусі склала амаль 2 мільярды долараў, долараў амерыканскіх. Супастаўляльныя датацыі выдзяляюцца і ў рамках паставак у Беларусь расійскага газу. Робім мы ўсё гэта, таму што перакананыя — нашыя народы звязаныя неразрыўна. Таму асабліва дзіўна, што апошнім часам кіраўніцтва Беларусі прыняло на ўзбраенне антырасійскую рыторыку.

Перадвыбарчая кампанія там цалкам і поўнасцю пабудавана на антырасійскіх сюжэтах, на істэрычных абвінавачваннях Расіі ў нежаданні падтрымліваць беларусаў і беларускую эканоміку, на праклёнах на адрас расійскага кіраўніцтва. За ўсім гэтым відаць відавочнае жаданне пасварыць дзяржавы і, адпаведна, народы.

Імкненне сфармаваць у грамадскай свядомасці вобраз знешняга ворага заўсёды адрознівала беларускае кіраўніцтва. Толькі раней у гэтай ролі выступалі Амерыка, Еўропа, Захад увогуле. Цяпер адным з галоўных ворагаў аб'яўленая Расія.

Прэзідэнт Лукашэнка ў сваіх выказваннях выходзіць далёка не толькі за рамкі дыпламатычных правіл, але і элементарнай чалавечай прыстойнасці. Аднак гэта таксама не стала для мяне навіной. Я памятаю, як я быў здзіўлены, калі пры нашай першай двухбаковай сустрэчы замест таго, каб засяродзіцца на расійска-беларускім супрацоўніцтве, ён вельмі падрабязна і выключна ў негатыўнай манеры пачаў абмяркоўваць маіх папярэднікаў на пасадзе прэзідэнта Расіі — Барыса Ельцына і Уладзіміра Пуціна. Мне тады давялося нагадаць калегу, што прадметам нашых перамоваў з'яўляюцца зусім іншыя тэмы.
 
Такое своеасаблівае разуменне партнёрскіх адносінаў Лукашэнка прадэманстраваў і ў пытанні прызнання Беларуссю Паўднёвай Асетыі і Абхазіі ў якасці самастойных удзельнікаў міжнароднай супольнасці. Я неаднаразова гаварыў: прызнаваць ці не прызнаваць дзве гэтых дзяржавы — суверэннае права кожнай краіны. І мы ніколі ні на каго не аказвалі ціску ў гэтым пытанні, хаця для нас гэта не абыякава. Пры гэтым прэзідэнт Беларусі заявіў аб гатоўнасці зрабіць гэта ў прысутнасці сваіх калег, пяці прэзідэнтаў. І адпаведны запіс, калі ўжо шчыра казаць, застаўся ў пратаколе паседжання АДКБ.

Але пасля гэты прадмет, гэтае пытанне пераўтварылася ў сталы аб'ект палітычнага гандлю. Але Расія не гандлюе сваімі прынцыпамі. Падобныя паводзіны з'яўляюцца няшчырымі. І партнёры сябе так не паводзяць. І, вядома, мы будзем улічваць гэта пры выстройванні дачыненняў з дзейным прэзідэнтам Беларусі.
 
Але затое ў адрас Расіі, яго кіраўніцтва ідуць плыні абвінавачванняў і лаянкі. На гэтым пабудаваная ўся выбарчая кампанія Лукашэнкі. Яго турбуе вельмі многае: і навядзенне парадку ў нашых эканамічных адносінах, і кантакты расійскіх сродкаў масавай інфармацыі з беларускай апазіцыяй і нават лёс некаторых нашых высокапастаўленых пенсіянераў і звольненых чыноўнікаў.

Прэзідэнту Беларусі варта было б займацца ўнутранымі праблемамі. У тым ліку, каб нарэшце расследаваць шматлікія справы аб знікненні людзей. Расіі, як і іншым краінам, гэта не абыякава.

Вядома, не гэта вызначае адносіны паміж народамі і асобнымі людзьмі. У гэтым я ўпэўнены як прэзідэнт Расійскай Федэрацыі. Я таксама ўпэўнены, што гэтая бязсэнсоўная паласа напружання абавязкова закончыцца. Хацеў бы прама сказаць: Расія гатовая да развіцця саюзніцкіх адносінаў з Беларуссю.

Больш таго, хто б не кіраваў Расіяй і Беларуссю, нашыя народы назаўсёды застануцца брацкімі. Мы хочам, каб нашыя грамадзяне жылі не ў страху, а ў атмасферы свабоды, дэмакратыі і справядлівасці. І мы гатовыя ісці гэтым шляхам разам з нашымі беларускімі сябрамі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі