Дзяцей, якія пацярпелі на атракцыёне ў Горках, ужо выпісваюць з лякарні
Зараз у раённай лякарні ў Горках шэсць дзяцей, якія пацярпелі пры падзенні з надзіманага батута.
Шасцёра дзяцей з надзіманага батута, які перакуліўся ў Горках, маюць толькі драпіны і ўшыбы. Трох з іх збіраюцца выпісваць ужо сёння, 5 траўня. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў Горацкай раённай лякарні.
Супрацоўнік лякарні: "Тыя, хто шпіталізаваны да нас, адчуваюць сябе добра, сёння мы часткова адпускаем іх да дому. З імі папрацавалі псіхолагі".
Яшчэ трое дзяцей знаходзяцца ў Магілёўскай абласной лякарні.
Надзвычайнае здарэнне адбылося ўвечары 4 траўня ў Горках на Магілёўшчыне. Каля дома №30 на вуліцы Вакзальнай моцны парыў ветру перакуліў надзіманы атракцыён. У гэты момант на ім знаходзіліся дзевяць дзяцей. Пры падзенні атракцыёна дзеці атрымалі цялесныя траўмы рознай ступені цяжкасці. Батут, на якім каталіся дзеці, прастаяў толькі каля 4 гадзін.
Фота: 112.by