Дзяржкантроль: На аўтазапраўках "Беларуснафты" не даліваюць паліва
Камітэт дзяржкантролю праверыў аўтазапраўкі, якія належаць РУП "Беларуснафта-Мінскаўтазапраўка". Праверка паказала, што на 10 з 19 АЗС не даліваюць паліва: абсталяванне было адпаведна настроенае.
Як піша "Ежедневник", КДК прапанаваў канцэрну "Белнафтахім" звольніць дырэктара і яго намесніка сістэмы мінскіх АЗС. Акрамя таго, матэрыялы праверкі накіраваныя ў праваахоўныя органы для прававой ацэнкі: у дзеяннях службовых асобаў Дзяржкантроль бачыць не толькі безгаспадарчасць і марнатраўства, але і прыкметы карупцыі.
Так, выдаткаваўшы значныя сродкі на абнаўленне аўтамыек і СТА пры аўтазапраўках, "Беларуснафта-Мінскаўтазапраўка" проста здало іх у арэнду прыватнай кампаніі за смешныя грошы. Напрыклад, абнавіўшы абсталяванне СТА за 1,2 млрд рублёў, прадпрыемства адразу ж здало яго ў арэнду за суму, крыху большую за 11 млн рублёў.
Пры гэтым, кіраўніцтва аўтазаправак выпісвала сабе значныя прэміі, прыпісваючы дасягненне запланаваных паказчыкаў. Праваахоўныя органы разбіраюцца таксама з неверагодна велізарным прабегам службовых аўтамабіляў кіраўніцтва. За месяц яны паспявалі наездзіць па 6-7 тысяч кіламетраў.
Акрамя таго, дырэктар і яго намеснік за кошт прадпрыемства купілі сабе мабільныя тэлефоны коштам па тысячы долараў. Не змаглі нармальна абгрунтаваць кіраўнікі і сваё замежнае балтыйскае турнэ, якое каштавала "Беларуснафта-Мінскаўтазапраўцы" 92 млн рублёў.