Дзяржкантроль зачыніў чатыры крамы ў розных рэгіёнах Беларусі

Камітэт дзяржкантролю / grodnonews.by
Камітэт дзяржкантролю / grodnonews.by

"За грубыя парушэнні заканадаўства" Камітэт дзяржкантролю зачыніў чатыры крамы ў розных рэгіёнах Беларусі — у Віцебску, Пінску, Бабруйску і Мінскім раёне.

У Пінску парушэнні выявілі краме "Красная цана". Там праверка не знайшла дакументы на тавар, які быў у продажы (адзенне, абутак ды інш.). Не было і дакументаў пра якасць і бяспеку тавараў. "Не былі зробленыя эканамічныя разлікі на ўсталяванне рознічных цэн. На шэрагу тавараў размяшчалася недакладная інфармацыя. Акрамя таго, у гандлёвым аб'екце выяўлены факты ўтойвання выручкі і выплаты заробку ў канвертах", — заяўляе прэс-служба ведамства.

У Бабруйску зачынілі краму "Мікс". Там выявілі больш за 27 кг харчовых тавараў без маркіроўкі, з прамінулымі тэрмінамі прыдатнасці, а таксама з прыкметамі сапсаванасці. На некаторых таварах не было цэннікаў, парушаліся санітарныя нормы і правілы.

У вёсцы Малінаўка Мінскага раёна краму зачынілі за невыкананне рэкамендацый дзяржкантролю. Паведамляецца, што сёлета ў кастрычніку кантралёвы выявілі там парушэнні і далі ўласніку рэкамендацыі па іх ліквідацыі. Уласнік паведаміў, што парушэнні выправіў. "Разам з тым, паўторны маніторынг паказаў, што парушэнні не ліквідаваныя, а таксама дапушчаныя новыя", — кажуць у КДК.

У Віцебску зачынілі краму расійскай гандлёвай сеткі "Святлафор". Там праверка выявіла няякасную прадукцыю, якая пагражае здароўю грамадзян. Гаворка ідзе пра рыбныя кансервы і кансервы з мяса птушкі. Сёлета ў сакавіку гэтую краму ўжо зачынялі за шматлікія парушэнні санітарных нормаў і правілаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі