Дзяўчына, загінулая на Нямізе, праз 20 гадоў апынулася ў спісе "дармаедаў"
Толькі пасля звароту маці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны выключыла мінчанку Алу Мельнікаву са спісу "дармаедаў". Між тым, Мельнікава загінула ў цісканіне на станцыі метро "Няміга" яшчэ ў 1999 годзе, піша "Беларускі партызан".
2 жніўня мінчанка Зінаіда Губская накіравала пісьмовы зварот міністру працы і сацыяльнай абароны Ірыне Касцевіч. Жанчына запатрабавала, каб яе дачку Алу Мельнікаву выключылі з базы не занятых у эканоміцы грамадзян.
Толькі цяпер Мінпрацы выключыла выключыла загінулую дзяўчыну з гэтай базы звестак. Чыноўнікі нават прынеслі пісьмовыя прабачэнні бацькам загінулай. Пры гэтым высветлілася, што дзяўчына, загінулая 20 гадоў таму, лічылася ў базе "дармаедаў" з 2017 года. На тое, каб выключыць Алу Мельнікаву з базы "дармаедаў", спатрэбіўся месяц.
Праваабаронца Алег Волчак, які аказваў юрыдычную дапамогу сям'і загінулай, кажа, што сям'я задаволеная выбачэннямі дзяржаўных органаў.
Волчак звяртае ўвагу не толькі на маральны і юрыдычны, але і на эканамічны бок справы: "Гэта не проста фармалізм: нават на непрацуючага чалавека штогод разлічваецца субсідаванне на жыллёва-камунальныя паслугі, ахову здароўя. Атрымліваецца, на яе вылучаліся бюджэтныя грошы замест таго, каб аказаць дапамогу жывым, але хворым".
Праваабаронца мяркуе, што ў базе "дармаедаў" можа знаходзіцца яшчэ шмат падобных "мёртвых душаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.