ЕC хоча адсочваць блогі; блогер Абрыкос упэўнены, што ахвотнікі яго абыйдуць

“Павінна быць ясна, хто стаіць за блогерамі. Найлепей, каб гэта дэкларавалі самі блогеры, каб былі вядомыя іх прафесійныя і фінансавыя інтарэсы, а таксама адказнасць іх аўтараў і выдаўцоў”, -- напісалі еўрадэпутаты ў рапарце “Пра канцэнтрацыю і плюралізм медыяў у ЕС”. Рапарт на пачатку чэрвеня трапіў у камісію па культуры. Па прапанове яшчэ не было галасавання, а яна ўжо выклікала ажыятаж ў інтэрнэт-супольнасці Еўропы, якая налічвае дзясяткі мільёнаў чалавек. Некаторыя абураныя тым, што палітыкі імкнуцца рэгуляваць сферу, якая каштоўная менавіта сваёй неўрэгуляванасцю. Калі амерыканцы атакавалі Ірак, то менавіта блогер Salam PAX апісваў жыццё ў Багдадзе, і менавіта блогерка Yoani Sanchez выклікала лютасць Фідэля Кастра тым, што апісвае штодзённае жыццё змарнелай выспы.

З аднаго боку, Еўрапарламент зрабіў спробу ў кірунку маркіроўкі блогаў, з іншага – беларускі ўрад зрабіў першыя дрыготкія крокі ў кірунку кантролю сеціва. Як гэта ацэньваюць блогеры? Гаворыць блогер abrykos, аўтар самага папулярнага ў 2007 г. паста па версіі 101blog.net

Abrykos: Я задаўся пытаннем: а хто з нашых палітыкаў мае блог на тым жа ЖЖ, які недасяжны для беларускіх спецслужбаў? І высветлілася, што толькі некалькі чалавек. Нашыя палітыкі не выкарыстоўваюць такія магчымасці, у той час як у Еўропе ужо ставіцца пытанне кантролю над блогамі. Я лічу, што гэта вельмі падобныя захады – што з боку беларускіх уладаў, што з боку еўрапейскіх структураў. Ясна, што ў іншых краінах блогеры даўно зарабляюць сабе на жыццё тым, што могуць нешта рэкламаваць або прасоўваць сваю ідэю. Але гэтым займаюцца ва ўсім свеце і ўжо даўным-даўно. Я магу паказаць вам цалкам нейтральныя беларускія газеты, дзе прасоўваюцца тыя ці іншыя тавары і паслугі. І вы ніяк не дакажаце, што рэдакцыі за гэта заплацілі. Я скептычна стаўлюся да ініцыятывы Еўрапарламенту, гэтак жа, як і да захадаў беларускай улады, таму што кантраляваць інтэрнэт дастаткова складана. Таму што абазнаны чалавек усё адно гэта абыйдзе. Таму трэба займацца самаадукацыяй і самарганізацыяй.

Тут дарэчы цытата з аднаго еўрапейскага блогера, які піша: “Прашу не лічыць мяне такім дурнем, які не зможа адрозніць рэкламу і лабіяванне ад звычайнага блогу. Больш даверу да маіх мазгоў і свабоды для майго пяра!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі