Егіпецкі канфлікт дапаможа “вылечыць” эканоміку Грэцыі

Сутыкненні ў Егіпце змянілі летнія планы тураператараў і турыстаў. Шмат хто сёлета ўлетку адмаўляецца ад адпачынку ў гэтай краіне, бо вельмі рызыкоўна.

“Егіпет гэта краіна, у якую мы вырашылі не ехаць з-за нестабільнасці і выпадкаў гвалту”, — перадае словы расійскага турыста тэлебачанне TVN. Прыкладна такое ж меркаванне агучвае і турыст з Германіі.

У такіх умовах турысты “ламануліся” ў Грэцыю. Толькі ў адным порце Херакліён, што на Крыце, прынялі на 15 круізных суднаў больш, чым звычайна.

“Гэта праўда, што ў нашай краіне працягнулі турыстычны сезон да канца кастрычніка. Шмат тураператараў з замежжа тэлефануюць нам, каб зарэзерваваць у Грэцыі пакеты для турыстаў, якія адмовіліся ад адпачынку ў Егіпце”, — кажа кіраўніца аднаго з грэчаскіх гатэляў Марыя Кансінідаў.

Асабліва шмат паболела расіянаў і туркаў, для якіх візавыя патрабаванні не такія і складаныя (Турцыю, дарэчы, таксама сёлета пазбягаюць многія жадаючыя адпачыць). Турыстычны сектар Грэцыі сам яшчэ нядаўна знаходзіўся ў крызісе, але цяпер зноў набірае абароты. Таму і рады тут усім, бо разам з гасцямі з’яўляецца такая неабходная зараз падтрымка для грэчаскай эканомікі, адзначае The Independent.

The Independent: “Турыстычная індустрыя Грэцыі чакае, што даходы за 2013 год павялічацца на 10% у параўнанні з мінулым годам і складуць 11 мільярдаў еўра. Мяркуецца, што за год краіну наведаюць рэкордныя 17,4 мільёна турыстаў”.

Сума не малая. Але атрымаць з яе хоць нейкую карысць, то бок падаткі, не так і проста. Gazeta Wyborcza апісвае, як, змагаючыся з дэфіцытам бюджэту, грэчаскі ўрад актыўна ўзяўся за тых, хто не плаціць падаткі. Дык вось турыстычная сфера ў гэтым плане асабліва “выдзяляецца”.

Gazeta Wyborcza: “Усё гаворыць пра тое, што турызм адзіны сектар эканомікі, які развіваецца ў Грэцыі. Але праблема ў тым, што турыстычная сфера найчасцей пазбягае падаткаў. Пару дзён таму з гэтай прычыны на Крыце і астравах Міканас і Сантарыні інспектары пастанавілі закрыць на месяц 12 фірм; такое ж рашэнне чакаюць 14 наступных”.

Варта сказаць, што доля турызма ў грэчаскай эканоміцы — каля 6%. А на папулярнасць Грэцыі у гэтым сезоне паўплывалі многія СМІ, якія не шкадуюць кампліментаў мясцовым курортам. Напрыклад, CNN назваў грэчаскія астравы найлепшым месцам у басейне Міжземнага мора. І нават выдзеліў дзевяць з іх, якія акрэсліў як “рай”.

Фота: eu.greekreporter.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі