Экалагічная катастрофа ў Валожынскім раёне: у раку трапілі адкіды
Экалагічная катастрофа ў Валожынскім раёне: у маленькую раку Валожынка трапілі адкіды з помпавай станцыі. Як паведамляе АНТ, вада ў рацэ зрабілася малочнага адцення і засмярдзела, а прыбярэжная трава пакрылася жоўтай плёнкай. Камунальныя службы занадта позна выявілі праблему.
Прычынай здарэння стала аварыя на помпавай станцыі, праз якую адкіды трапілі ў ваду без ачысткі праз аварыйны скід. Пад пагрозай забруджання не толькі Валожынка, але таксама Іслач, у якую ўпадае гэтая рака. Брудныя рэчывы могуць трапіць і ў Нёман праз Іслач.
Валожынскаму камунальнаму прадпрыемству выставілі штраф, шкода навакольнаму асяроддзю ацэненая ў 33 тысячы рублёў.
Узровень забруджання вады пакуль не называюць. Вядуцца даследаванні пробаў.