Эканаміст Сяргей Балыкін паскардзіцца ў пракуратуру на міліцыянтаў

Са скаргай на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі мае намер звярнуцца кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін. Нагадаем, мінулай ноччу ў яго мінскай кватэры адбыўся ператрус, падчас якога праваахоўнікі забралі ноўтбук, усе сродкі мабільнай сувязі, флэш-карту, карту памяці фотаапарата, паведамляе БелаПАН. Супрацоўнікі праваахоўных органаў не хавалі, што шукаюць выбуховыя рэчывы, паведаміў Балыкін. Паводле яго слоў, праваахоўнікі заявілі, што некаторыя яго паведамленні на форумах, а таксама псіхалагічны партрэт сведчаць аб тым, што ў Балыкіна можа быць інфармацыя аб выбуху 4 ліпеня 2008 года ў Мінску. Пасля ператрусу Сяргея Балыкіна тры гадзіны пратрымалі ў Першамайскім РУУС, дзе з ім размаўлялі не толькі наконт выбуху ў Мінску, але і пра яго журналісцкую дзейнасць, паездкі за мяжу. Здаць адбіткі пальцаў Балыкін адмовіўся.

Эканаміст мяркуе, што цікавасць да яго з боку праваахоўных органаў можа быць звязаная з крытычнымі заўвагамі на адрас улады, змешчаных у яго блогу і публікацыях беларускіх ды замежных СМІ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі