Эколаг: Наяўнасць смеццеправодаў перашкаджае эфектыўна сартаваць смецце

120405 Labanau.mp3

Еўрарадыё: Што ў Беларусі робяць са смеццем? Яго сартуюць ці спальваюць?


Яўген Лабанаў: Так, напраўду, гэта пытанне вельмі комплекснае, і ў розных гарадах бывае па-рознаму. Цяпер большасць бытавых адкідаў (тое, што мы выкідаем у сметніцы) трапляе на вялікія сметнікі. Праўда, цяпер у буйных абласных гарадах там-сям бачныя жоўтыя сеткаватыя кантэйнеры з надпісамі “шкло”, “пластык”, “папера”. Гэта тое, што мы называем раздзельным зборам. Мы робім яго на працягу ўжо пэўнага часу – недзе больш паспяхова, недзе – менш. Праўда, з пункту гледжання эколага – шмат яшчэ можна было б зрабіць у гэтым напрамку.


Еўрарадыё: А што адбываецца з тым смеццем, якое сартуюць? Яго перапрацоўваюць, ці яно зноў трапляе ў агульную кучу?


Яўген Лабанаў: Вядома ж, не. Калі дакладна, то гэта ўжо не смецце – мы называем яго паўторнай сыравінай: папера, пластык, шкло. Існуюць тэхнічныя магчымасці яе перапрацаваць, але тут у розных гарадах розныя падыходы. У пэўных гарадах – напрыклад у Мінсу – робяць асобныя кантэйнеры для паўторнай сыравіны: шкла, пластыку і паперы – у адзін кантэйнер скідаецца усё. Потым гэта перавозіцца на сарціравальную лінію (такі доўгі канвеер), сыравіна выкладваецца, і людзі рукамі яе сартуюць. А тое, што робім мы, як жыхары гарадоў, называецца першапачатковай сарціроўкай. Потым жа, на сарціравальнай лініі, гэтую першапачатковую другасную сыравіну вельмі лёгка рассартаваць далей. Потым гэта ўсё перапрацоўваецца: макулатура ідзе на вытворчасць новай паперы; пластык – на будаўнічыя матэрыялы, на пластыкавы друз; а з бутэлькамі – асобнае пытанне, хутчэй за ўсё, яны ідуць на вытворчасць новага шкла.


Еўрарадыё: Гэта пра сталіцу вы сказалі. А што робяць са смеццем у невялікіх гарадах? Ці ёсць там магчымасць яго сартаваць?


Яўген Лабанаў: Усяляк бывае. Цяпер ужо амаль у кожным абласным цэнтры ёсць станцыі па сарціроўцы смецця. Дзесьці гэта працуе больш паспяхова, дзесьці – менш паспяхова. Адзін з добрых прыкладаў – гэта Гомель. Чаму? Таму што ў Гомелі даволі даўно, ужо гадоў недзе з пятнаццаць таму, вырашылі заварыць усе смеццеправоды. Таму там у кожным выпадку людзі выносяць смецце ў кантэйнеры. Калі ты выносіш смецце ў кантэйнер – нашмат лягчэй тое смецце рассартаваць. Адна з праблем, якую заўважаюць экалагічныя арганізацыі – гэта тое, што наяўнасць смеццеправодаў у дамах перашкаджае збіраць смецце раздзельна. Менш верагодна, што калі ў чалавека ёсць дзірка ў сцяне, то ён будзе рассартоўваць сваё смецце і заносіць яго ў асобныя кантэйнеры. Таму гомельскі спосаб даволі дзейсны.


Еўрарадыё: А калі нават ёсць смеццеправод – ці варта адмовіцца ад яго выкарыстання?


Яўген Лабанаў: Перш-наперш важна аддзяляць вільготныя адкіды ад сухіх – арганіку ад неарганікі. Калі вы не будзеце выкідаць вашу паперу ці вашы бутэлькі ў агульны кантэйнер – вы зробіце вельмі добрую справу. Вельмі шмат залежыць ад нашай пазіцыі, ад нашай ініцыятыўнасці. Калі ў вас ў двары няма кантэйнера на паўторную сыравіну – вы можаце здаць макулатуру ў бліжэйшую школу. У школах дагэтуль збіраюць макулатуру. Трэба, вядома ж, падумаць, дзе можна збыць паўторную сыравіну. Сістэма пакуль яшчэ развіваецца, і калі чакаць, што ў вашым двары з’явіцца кантэйнер на пластык і паперу – можа прайсці колькі гадоў.


Еўрарадыё: Ці можна самому дамагчыся? Калі жыхары аддадуць подпісы ў ЖЭС – ці дадуць такі кантэйнер? Ці павінна абавязкова быць нейкае распараджэнне мясцовых уладаў?


Яўген Лабанаў: Калі жыхары праявяць такую ініцыятыву, то на іх панадворку такі кантэйнер з’явіцца ў першую чаргу. Калі будзе такая ініцыятыва, улады павінны адгукнуцца, бо, па сутнасці, арганізацыя раздзельнага збору адкідаў з’яўляецца іх абавязкам. Вядома, на гэта патрэбны час, але такі ліст ад жыхароў можа стымуляваць тое, што ў дадзеным раёне кантэйнеры з’явяцца хутчэй, чым у іншых раёнах горада.


Еўрарадыё: А што робяць з тым смеццем, якое цяпер ужо ляжыць на сметніках – яго неяк спальваюць?


Яўген Лабанаў: Не, сметнік – гэта канцавы пункт для таго смецця, якое не трапляе ў сістэму падзельнага збору. Там яго засыпаюць, і яно раскладаецца даволі доўгі час. Рабіць сметнік – гэта не найлепшае выйсце з сітуацыі, бо ён забруджвае атмасферу, забруджвае грунтовыя воды, забруджваецца глеба. Ёсць прыклад – у Наваполацку – калі на такіх сметніках адпампоўваюць газ. Калі смецце раскладаецца, утвараецца даволі вялікая колькасць метану. Ён вельмі небяспечны для кліматычнай ўстойлівасці, бо гэта парніковы газ – небяспечнейшы за вуглякіслы. Але ў той жа час метан – гаручы газ. Адпаведна, яго можна адпампоўваць, спальваць, ды пэўную колькасць цяпла выкарыстоўваць для гаспадарчых патрэбаў. Але гэта вырашэнне праблемы, якую мы найперш самі стварылі. Вельмі важна не дапускаць з’яўлення праблемы ў прынцыпе. Раздзельны збор, перапрацоўка – гэта дазваляе істотна зменшыць колькасць смецця, што трапляе на сметнік.


Еўрарадыё: Некаторыя кажуць, што каб сартаваць смецце – слоікі, пластыкавыя шкляначкі трэба мыць пасля выкарыстоўвання. Ці праўда гэта?


Яўген Лабанаў: Напрыклад, бутэлькі варта спаласнуць. Трэба іх таксама сціснуць, каб смеццявоз не вазіў паветра. Трэба таксама адкруціць накрыўку, бо яна робіцца з пластыку. Гэтым вы вельмі зменшыце работу тым, хто будзе сартаваць смецце.


Еўрарадыё: А пластыкавыя шкляначкі з-пад ёгурту?..


Яўген Лабанаў: Як я ведаю, шкляначкі з-пад ёгурту ў нас пакуль не перапрацоўваюцца. Іх пакуль няма сэнсу сартаваць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі