Экс-гендырэктар "Івацэвічдрэва" асуджаны на 5 гадоў калоніі
Экс-гендырэктар "Івацэвічдрэва" Уладзімір Шульга асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі. Гэты тэрмін ён будзе адбываць у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Шульгу прызналі вінаватым ва злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, што пацягнула цяжкія наступствы. У яго канфіскуюць усю маёмасць. На 5 гадоў былому кіраўніку пазбавілі права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распараджальных і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў. Такое рашэнне 22 лістапада прыняў Брэсцкі абласны суд, інфармуе прэс-служба Вярхоўнага суда Беларусі.
Таксама быў асуджаны Аляксандр Непляховіч, добры знаёмы сына Шульгі. За дапамогу ва злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі ён правядзе ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму 4 гады. Прысуды яшчэ можна абскардзіць.
Уладзімір Шульга быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ вясной 2017 года (ён працаваў на "Івацэвічдрэве" з 2012-га). Высветлілася, што замест таго, каб набываць меламін і хімічныя дабаўкі наўпрост у прадпрыемства-вытворцы, ён набываў іх у фірмы, якую кантралявалі яго сын з Непляховічам. Паколькі пакупкі адбываліся па завышаным кошце, страты склалі 749 тысяч рублёў.
Сын Шульгі цалкам кампенсаваў страты і падаў хадайніцтва аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці. Яго справу вылучылі ў асобную вытворчасць.