Экс-кіраўніка Белкаапсаюза абвінавачанне просіць пасадзіць на 12 гадоў

У Вярхоўным судзе падыходзіць да завяршэння судовы працэс над былым старшынёй Белкаапсаюза Сяргеем Сідзько, двума былымі службовымі асобамі Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў і некалькімі камерсантамі.

Як інфармуе БелаПАН, дзяржаўны абвінаваўца Анатоль Мяцельскі папрасіў прысудзіць Сідзько да 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 90 млн рублёў (500 базавых велічынь). Акрамя таго абвінавачанне папрасіла канфіскаваць усю маёмасць абвінавачанага і пазбавіць яго права займаць кіруючыя пасады на пяць гадоў. Бок абвінавачання лічыць Сідзько вінаватым у неаднаразовым атрыманні хабару, у тым ліку ў буйным і асабліва буйным памерах.

"Справу Белкаапсаюза" пачаў КДБ ў ліпені 2013 года. Тады паведамлялася, што кіраўнікі і службовыя асобы таварыства, а таксама прадстаўнікі камерцыйных структураў займаліся вымагальніцтвам за прадастаўленне аб'ёмаў работ на аб'ектах спажыўкааперацыі, а таксама продаж інвестарам зямельных участкаў і аб'ектаў нерухомасці. Памеры хабараў дасягалі 500 тысяч долараў ЗША.

Акрамя таго, пад судом апынуўся начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва і інвестыцый гэтага саюза Дзмітрый Калодзезны. Яго вінавацяць у атрыманні хабараў, у тым ліку ў буйным памеры, і злоўжыванні ўладай. Пракурор просіць для Калодзезнага 5,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму, штраф у 54 млн рублёў (300 базавых), канфіскацыю ўсёй маёмасці і забароны права займаць кіруючыя пасады на пяць гадоў.

Намесніца Калодзезнага Элеанора Сізук абвінавачаная ў атрыманні хабару. Ёй просяць прызначыць 3,5 года абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, канфіскацыю ўсёй маёмасці і пазбаўленне права займаць кіруючыя пасады на чатыры гады.

За дачу хабару экс-дырэктара будаўнічай арганізацыі Аляксандра Дранькова дзяржабвінаваўца папрасіў пакараць чатырма гадам пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на тры гады. Уладзіміра Ленскага за дачу хабару просяць адправіць у папраўчую ўстанову адурытага тыпу на 2,5 года.

Грамадзяніна Украіны Аляксандра Турчаняка дзяржабвінаваўца прасіў прызнаць вінаватым у падбухторванні да дачы хабару ў буйным памеры і завалоданні маёмасцю шляхам падману і злоўжывання даверам. За гэта яго просяць адправіць у калонію ўзмоцненага рэжыму на 3,5 года.

Рыэлтара Ларысу Браздзецкую за падбухторванне да дачы хабару ў буйным памеры пракуратура прапануе адправіць на чатыры гады ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Абвяшчэнне прысуду прызначанае на 10-ю гадзіну 14 жніўня.

Фота — edinstvo.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі