Экс-сенатару і прапагандысту з Рагачова прапанавалі працаваць трактарыстам

Андрэй Шышкін

Андрэй Шышкін / фота з яго тг-канала

Прапагандыст і рускамірац Андрэй Шышкін не можа знайсці працу пасля звальнення, заўважыў сайт "Флагшток".

Перад гэтым ён паўгода быў галоўным рэдактарам газеты "Мазырскі нафтаперапрацоўшчык". Аднак у сярэдзіне лістапада паведаміў, што пакідае рэдакцыю "па сямейных абставінах" і вяртаецца ў родны Рагачоў.

Шышкіну 52 гады. Раней ён быў галоўным рэдактарам рагачоўскай раёнкі, чальцом райвыканкама, старшынёй раённай арганізацыі "Белай Русі", членам Савета Рэспублікі 7-га склікання, дэпутатам "Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі" (2019-2024 год). Ён распаўсюджваў ідэі "рускага свету", выказваў нянавісць да беларусаў, абразы і нават заклікі да забойства.

Паводле Шышкіна, ён пайшоў афармляцца як беспрацоўны на біржу працы, а там да ўсіх дакументаў запатрабавалі яшчэ і даведкі аб даходах з папярэдніх месцаў працы. Прычым сабраць іх павінен сам "кандыдат у беспрацоўныя". З усіх прапанаваных 633 вакансій у раёне прапагандыст змог выбраць толькі тры — трактарыст, прадавец у "Еўраопце" і страхавы агент. Заробкі — ад 850 да 1000 рублёў. "Дый вакансія старшыні раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ з заработнай платай у 830 рублёў у месяц, якая даўно пустуе, шчыра кажучы, неяк не выклікае энтузіязму", — дадае ён.

Як адзначае "Флагшток", у прапагандыста, імаверна, адбыўся канфлікт з раённым начальствам, таму ён і вымушаны быў спярша перабрацца на працу ў Мазыр, а потым шукаць працу на звычайных умовах. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі