Экс-журналістка БТ Ксенія Луцкіна знайшлася на Акрэсціна

Ксенія Луцкіна / ВКонтакте
Ксенія Луцкіна / ВКонтакте

Экс-журналістка БТ Ксенія Луцкіна затрыманая на 72 гадзіны па справе "Прэс-клуба" і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна, паведамілі ў прэс-службе Каардынацыйнай рады (КР). Пасля звальнення з БТ Луцкіна ўвайшла ў асноўны склад КР.

"Ксенія Луцкіна змагла звязацца з бацькам. Яна паведаміла, што затрыманая на 72 гадзіны Дэпартаментам фінансавых расследаванняў (ДФР) Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі", —  гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Рады.

Там таксама паведамілі, што ў чацвер адвакат "будзе спрабаваць стэлефанавацца са следчым".

Днём 22 снежня, калі стала вядома пра ператрусы і затрыманні супрацоўнікаў "Прэс-клуба", Ксенія Луцкіна таксама перастала выходзіць на сувязь. Пазней з'явілася інфармацыя, што ў яе таксама праходзіць ператрус, пасля чаго яе даставілі ў ДФР.

Ксенія Луцкіна разам з іншымі журналістамі працавала над стварэннем новага YouTube-канала. Па дадзеных Беларускай асацыяцыі журналістаў, праект развіваўся ў тым ліку пры ўдзеле Акадэміі "Прэс-клуба". Першыя перадачы былі запісаныя, запуск павінен быў адбыцца ў студзені.

Па справе "Прэс-клуба" былі таксама затрыманыя Юлія Слуцкая, Ала Шарко, Сяргей Альшэўскі, Сяргей Якупаў і Пётр Слуцкі. Камітэт дзяржкантролю заявіў, што Дэпартамент фінансавых расследаванняў правярае арганізацыю на прадмет ухілення ад выплаты падаткаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі