Экскурсаводы Мірскага замка не паверылі Эльжбеце Радзівіл

Князёўна распавяла сапраўдную гісторыю замка, у якім яна гасцявала ў дзяцінстве.
ЭКСКЛЮЗІЎНЫ ФОТАРЭПАРТАЖ
Дзесяць нашчадкаў славутага роду Радзівілаў упершыню за доўгія гады наведалі Беларусь. У суправаджэнні паэта Глеба Лабадзенкі яны наведваюць гістарычныя мясціны, ходзяць па музеях.

У панядзелак Радзівілы наведалі некалькі мясцін. Аднак найбольшыя ўражанні пакінуў Мірскі замак.

“Мелі экскурсію ў Мірскі замак і касцёл, якія збудавалі Радзівілы, — расказвае Еўрарадыё паэт Глеб Лабадзенка. — Пані Эльжбета ў часе экскурсіі ўзгадвала, як яна прыязджала сюды з бацькам перад вайной у госці да апошняга ўладара Мірскага замка Міхала Святаполк-Мірскага. Яна падрабязна помніць, што было, у якім пакоі; яна памятае, якія кампліменты рабіў ёй Міхал Святаполк-Мірскі. Супрацоўніцы музея ў Мірскім замку паспрабавалі ёй запярэчыць: не, тут быў другі пакой... На гэта пані Эльжбета запытала: “А колькі вам гадоў?” “31”. А мне – дзевяноста адзін...”

Эльжбета Радзівіл вельмі падзівілася з таго, што супрацоўнікі музея не сталі запісваць жывога сведку даваенных падзеяў – гэта ж унікальны шанец аднавіць дэталі даваеннага стану Мірскага замку. На што супрацоўнікі адказалі: запомнім...

“Яна ім расказвала, хто знаходзіцца на фотаздымках, пасля яна расказвала, што дзе было, — працягвае Лабадзенка. — Пазней яна запыталася ў мяне: а чаму яны ўсё гэта не запісваюць. А мне адказалі: а мы ўсё гэта запомнім... Для яе гэта было вельмі вялікае здзіўленне”.

26 траўня сямейства Радзівілаў ужо наведала Нацыянальны гістарычны архіў, дзе пані Эльжбета доўга і дэталёва вывучала альбом гравюраў. У велізарным альбоме сабраныя гравюры роду Радзівілаў з каментарамі за апошнія 200 год. Калі для астатніх беларусаў – гэта гісторыя, то для Эльжбеты Радзівіл – сямейны альбом.

Радзівілы таксама наведалі вёску Паланечка, дзе некалі мелі рэзідэнцыю. Сустракаць іх сабралася ўся вёска. Тым не менш, самі Радзівілы падкрэсліваюць, што візіт прыватны — без палітыкі і афіцыёзу.

“Паўсюдна сям’я князёў падкрэслівае, што гэта прыватны візіт, і яны не хацелі б ператвараць яго ў афіцыйны, сустракацца з нейкімі чыноўнікамі, каб у гэтым візіце не было ні палітыкі,ні афіцыёзу. Гэта сямейны візіт па тых мясцінах, якія належалі Радзівілам, збудаваныя Радзівіламі... Таксама можна падкрэсліць такую дэталь: ад 39-га года ў Беларусь не прыязджала столькі прадстаўнікоў роду Радзівілаў..." — адзначыў Лабадзенка.


Ксёндз Мацей у вёсцы Ішкаладзь праводзіць экскурсію ў самым старым беларускім касцёле


У касцёле ў вёсцы Паланэчка (Злева направа Дамінік, Мацей і Аба Радзівілы).



Жыхары Паланэчкі цёпла сустрэлі Радзівілаў. Яны распавялі, што памятаюць, як Радзівілы тут уладарылі, і добра пра іх адгукаюцца.



Ганна-Марыя, Эльжбэта і Эльжбэта-малодшая на ганку сядзібы Радзівілаў у Паланэчцы.


Сядзіба Радзівілаў у Паланэчцы.



Эльжбэта Радзівіл у двары Мірскага замка.


Эльжбэта і Мікалай Радзівілы каля Мірскага замка


Князь Дамінік Радзівіл (у чырвонай кашулі)


Унукі Эльжбэты Радзівіл: Аляксандр і Ксаверы Тамашэўскія.


Перад касцёлам у Міры. Мясцовыя жыхары спяклі каравай і вітаюць Радзівілаў.


У касцёле ў Міры


Князі Радзівілы разглядаюць у Міры памятную дошку пра тое, што касцёл збудаваў іх продак Мікалай-Кшыштаф Радзівіл-Сіротка.


На каве ў Мірскім замку. Князёўна Эльжбэта дзеліцца ўспамінамі.





У капліцы


Каля замка


Каля рэшткаў замка ў Наваградку

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі