Эксперт: Існуе асцярога, што фінансаванне лячэння СНІДу можа зменшыцца

111201 Samaryn_site.mp3

Еўрарадыё: Складаецца такое ўражанне, прынамсі апошнія гады, што ВІЧ-інфекцыя — гэта штосьці такое, што існуе выключна на плакатах у паліклініках. Гэтая праблема амаль не абмяркоўваецца ў грамадстве. Нібы людзі гэта бачаць, але іх гэта не тычыцца і ёсць нейкая ўяўная група людзей, якая жыве з гэтым. Як выглядае ўспрыняцце ВІЧ-інфекцыі і ВІЧ-інфікаваных у вашай практыцы?

Самарын: На маёй практыцы, ВІЧ-інфекаваным, вельмі складана прыняць гэтую хваробу. Таму што праз доўгі час прафілактычнай працы сфарміраваныя неадэкватныя адносіны да інфекцыі, што гэта нібыта самае жахлівае, што можа здарыцца ў жыцці. ВІЧ-пазытыўнаму чалавеку складана гаварыць пра сваю хваробу, нават дзяліцца гэтай праблемай з бацькамі. Гэтая тэма закрытая па-ранейшаму, зыходзячы з таго, што мы раней бачылі на плакатах, калі ВІЧ-інфекцыя – гэта шпрыц, наркаманія і гэтак далей.

Сфармуляваная пэўная пазіцыя, што ВІЧ-інфекцыя мае адносіны толькі для груп, якія ўжываюць наркотыкі. Хоць гэта не так. Да нас звяртаюцца людзі, якія ніякага дачынення да наркаманіі не маюць. Гэта заўсёды адбываецца нечакана. Сёння ў Беларусі жыве каля 8 тысяч людзей, якія маюць дыягназ “ВІЧ-інфекцыя”.

Еўрарадыё: Часам ствараецца такое бачанне СНІДу, як кары за лад жыцця – хваробы наркаманаў, прастытутак, гомасэксуалаў і гэтак далей. Як сёння выглядаюць у рэчаіснасці гэтыя так званыя групы рызыкі? Гэта хвароба маргінальных груп, ці праблема ўсяго грамадства?

Самарын: Згодна за статыстыкай, ВІЧ перадаецца ў большасці сваёй палавым спосабам. Як можна казаць пра нейкія пэўныя групы, калі гэта галоўным чынам тычыцца моладзі, калі гэта палавы шлях перадачы? З майго пункту гледжання, гэта мае адносіны цалкам да ўсяго насельніцтва.

Мы сутыкаемся з выпадкамі, калі жанчына, якая не мае адносін ні з якімі групамі – сядзіць дома, глядзіць серыялы, вяжа кручком і потым ёй нечакана вызначаюць дыягназ ВІЧ. А пры тым яна не мае за сабой ніякіх грахоў. Потым высвятляецца, што гэта муж перадаў жонцы гэты дыягназ “ВІЧ”. І яна – прыстойны чалавек - трапляе пад негатыўнае стаўленне грамадства.

У нас да гэтага часу гэта звязана з нейкім пачуццем віны і сораму. Калі чалавек захварэў на гэтую хваробу, то ён адчувае на сабе гэта пачуццё віны і сораму. Але гэта такая ж самая хвароба, як і іншыя. Мне здаецца, што трэба фарміраваць нейкае нармальное стаўленне да гэтых хваробаў. Гэтыя хваробы трэба лячыць, трэба прапаноўваць нейкае лячэнне, прадстаўляць нейкія кансультацыі. Калі мы кажам пра тых, хто ужывае наркотыкі, то можна развіваць нейкія рэабілітацыйныя праграмы і знаходзіць шляхі, каб дапамагчы людзям, пазбавіцца ад гэтых праблемаў, а не заганяць іх у нейкія маргінальныя групы і выкідваць іх з нашага грамадства.

Еўрарадыё: Пры адпаведнай медыкаментознай падтрымцы можна падоўжыць жыццё ВІЧ-інфекаванай асобы. Ці дастаткова ў Беларусі такіх лекаў, ці дастатковы доступ да магчымасцяў праходзіць адпаведнае лячэнне?

Самарын: Вядома, што на сёння існуюць спосабы лячэння, якія хоць і не пазбаўляюць чалавека ад вірусу, але спыняюць развіццё яго ў сярэдзіне арганізму. Распаўсюджанне гэтага вірусу блакуецца. Сёння можна казаць пра тое, што гэта хранічная хвароба і жыць з мі можна бясконца доўга. Ужо ёсць прыклады, калі з гэтай хваробай людзі жывуць дваццаць і болей гадоў. І могуць працягваць актыўны і адпаведна здаровы стыль жыцця. Сёння, на колькі я ведаю, усім, хто гэтага патрабуе, у нас прадстаўляецца лячэнне. Але існуе асцярога, што фінансаванне гэтага лячэння з боку дзяржаўнага бюджэту хутка можа значна паменшыцца. Сустракаюцца праблемы з дыягностыкай для ВІЧ-пазытыўных людзей, але гэтыя праблемы нейкім чынам пераадольваюцца.

Еўрарадыё: Мяркую, што вельмі вялікі адсотак людзей увогуле ніколі не рабіў аналізу на ВІЧ.

Самарын: Я лічу, што мы зноў сутыкаемся з тым, што, калі мы даведаемся, што нашыя сяброўка, ці  сябар, ці проста знаёмыя кажуць, што пойдуць здаваць аналізы на ВІЧ, то ў нас няправільна сфарміраваное стаўленне да гэтага, мы пачынаем іх у нечым падазраваць. Для нас гэта не з’яўляецца нармальным.

І сапраўды, пра гэта зараз трэба гаварыць і часцей, і болей, і можа ў нейкіх іншых формах, каб матываваць людзей, даведацца пра стан свайго здароў’я. І гэта тычыцца не толькі ВІЧ-захворванняў. Гэта менталітэт, гэта трэба фарміраваць.

Я ведаю па сабе: калі я не прыходжу ў паліклініку, не звяртаюся да тэрапеўта ў сувязі з прастудай, то я ніколі не пайду і не зраблю тую ж самую флюараграфію. Хаця яе трэба рабіць усім грамадзянам Беларусі раз на год. Гэтае стаўленне да уласнага здароў’я трэба фарміраваць у прынцыпе. І тое ж самае з ВІЧ-інфекцыяй – лепей праверыцца, нават калі чалавек упэўнены, што яму няма чаго баяцца. Лепей здаць гэты тэст на ВІЧ. Хаця людзей часам можа спыніць думка, што лепей я не буду ведаць аб гэтым, і тады я пазбегну нейкага негатыўнага стаўлення да сябе. Таму што існуе рызыка таго, што калі чалавеку ставіцца дыягназ, які сведчыць пра ВІЧ-хваробу, стаўленне да яго можа змяніцца на негатыўнае. І не заўсёды чалавек здольны пераадолець гэта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі