Эксперт: Рычагі ўплыву на сітуацыю ў Беларусі ў руках Масквы, а не Бруселя
Аналітык Славацкай асацыяцыі знешняй палітыкі Уладзімір Більчык распавёў Еўрарадыё, чаму ЕС не баіцца “памежнага” шантажу Мінску і пагрозаў “сысці ў Расію”.
Еўрарадыё: Афіцыйны Мінск прыдумаў нечаканы адказ Еўрасаюзу на яго санкцыі — беларускія памежнікі “палегчылі” ахову межаў з краінамі ЕС. Нібыта, гэта стварае пагрозу пранікнення на тэрыторыю ЕС нелегалаў. Гэтым сапраўды можна шантажаваць Брусель?
Уладзімір Більчык: Не думаю, што гэта ёсць і можа быць быць вялікай праблемай. Шэнгенская мяжа знаходзіцца “у руках” і на адказнасці той краіны Еўрасаюза, дзе гэтая мяжа праходзіць. А калі паглядзець на палітычныя адносіны Беларусі і Польшчы, то наўрад ці там была шчыльная супраца беларускіх і польскіх памежнікаў. І такое рашэнне беларускага рэжыму азначае, што польскія памежнікі ўзмоцняць рэжым аховы мяжы. Да таго ж, Беларусь ніколі не была тым калідорам, праз які ў ЕС імкнулася патрапіць вялікая колькасць мігрантаў. І заўсёды сачылі, каб у вашу краіну не траплялі мігранты з іншых постсавецкіх краін.
З міграцыйнага пункту гледжання, беларускі накірунак нельга параўнаць з паўднёвымі межамі ЕС. Таму я не лічу гэты крок беларускіх уладаў нейкім адказам на санкцыі Еўрасаюза. Увогуле, у беларускага рэжыму няма ніякіх сродкаў, якімі ён мог бы адказваць на санкцыі. Адзінае, на што ў беларускага рэжыму сёння хапае моцы — падтрымліваць свой статус унутры краіны. І ўсё.
Еўрарадыё: А ці могуць тым жа палякам аказаць дапамогу ў ахове мяжы іншыя краіны Еўрасаюза?
Уладзімір Більчык: Ахова мяжы — адказнасць той краіны, якая гэтую мяжу на сваёй тэрыторыі мае. Еўрасаюз яшчэ не дайшоў да таго, каб у нас была агульная памежная служба. І палякі да гэтага пытання ставяцца вельмі “ўражліва”. Але ў Лісабонскім пагадненні прапісана, што ў выпадку сур’ёзнага крызісу дапамога краіне, праз якую праходзіць мяжа, будзе аказаная ўсімі краінамі ЕС і таму — палякам могуць, калі што, дапамагчы. Тыя ж немцы могуць і без астатніх краін ЕС дапамагчы палякам. Але гэта — варыянты. Пакуль жа я не бачу вялікай праблемы з боку беларускай мяжы.
Еўрарадыё: Калі гэтым ЕС не напалохаць, то ў Мінску ёсць іншы козыр — пагроза цалкам і канчаткова “сысці ў Расію”. Гэтага Еўрасаюза баіцца — згубіць Беларусь?
Уладзімір Більчык: Справа ў тым, што сённяшні беларускі рэжым вельмі адрозніваецца ад рэжыму, які зараз ёсць у Расіі. Безумоўна, пакуль пад пытаннем — якой будзе новая пуцінская Расія? Ніхто пакуль на гэтае пытанне адказаць не можа. Але я мяркую, што такі сыход у Расію Беларусі нерэальны. Хто сёння ў Расіі хоча Лукашэнку? І хто сёння ў Расіі хоча Беларусь?
Еўрарадыё: Але размовы аб набіраючай тэмпы інтэграцыі Расіі і Беларусі не сціхаюць. Трэба ўлічваць і імперскія амбіцыі Расіі...
Уладзімір Більчык: Размовы ідуць і амбіцыі ёсць. Але трэба памятаць, што пры поўным сыходзе Беларусі ў Расію закончыцца і палітычная кар’ера Лукашэнкі.
Еўрарадыё: А чаму Еўропа раней заўсёды гэтага асцерагалася і нервова рэагавала на такую пагрозу Лукашэнкі?
Уладзімір Більчык: Не ведаю, ці сапраўды так ўжо Еўропа гэтага баялася. Людзі ў Еўропе не бачылі ў гэтым вялікай праблемы. Напачатку былі перасцярогі: “А што стане з Расіяй, калі туды прыйдзе такі рэжым, які мы маем у Беларусі?” Але з часам ў Еўропе зразумелі, што па большасці пытанняў з Масквой можна дамовіцца, а з Мінскам — не. І з’явіліся меркаванні, што калі Мінск пойдзе пад кантроль Масквы, то з Масквой па датычных Беларусі пытаннях можна будзе дамовіцца. У той час, калі з Мінскам — не.
Яшчэ 10 гадоў таму шмат людзей у краінах Еўропы думалі, што Расія і Масква ўяўляюць пагрозу іх бяспецы. Зараз меркаванне такое — у Расіі існуе іншы палітычны рэжым і з ім неабходна быць асцярожнымі. Гэта сітуацыя нездаровая, але з Расіяй можна рабіць бізнэс. І трэба рабіць бізнэс. Сёння нават мы Расіі патрэбны больш, чым Расія нам з пункту гледжання бізнэсу. Пагрозы ў Расіі еўрапейцы сёння не бачаць. І таму, калі Лукашэнка скажа: “Я сыходжу да Масквы”, то ў Еўропе большасць людзей адкажа: “Ну, давай — ідзі”. Бо гэта азначала б канец Лукашэнкі.
Да таго ж, у Расіі зараз нашмат больш уплыву на будучыню Беларусі, чым ў Еўрасаюза. Расія сёння з’яўляецца галоўным акторам у пытанні будучыні Беларусі — не Еўрасаюз. Як з пункту гледжання палітычных, так і эканамічных чыннікаў. І зараз Еўрасаюз вядзе інтэнсіўны дыялог з Масквой на тэму таго, што адбываецца ў Беларусі. І гэтыя пагрозы Лукашэнкі — пустыя. Яму проста неабходны час, як мага больш утрымліваць свае пазіцыі. А для гэтага неабходны баланс — перамовы і з адным, і з другім бокам.
Еўрарадыё: То можа зараз Еўропа і ўвогуле папросіць Маскву “разабрацца з беларускім пытаннем”? Маўляў, у ЕС і сваіх праблем сёння хапае?
Уладзімір Більчык: Не думаю. Супраць гэтага з палітычных меркаванняў выступяць бліжэйшыя суседзі Беларусі — Польшча і Літва. Супраць будуць і іншыя краіны, якіх ад такога рашэння ўтрымае іх “беларускі бізнэс” — Нямеччына, Галандыя, іншыя краіны. Не трэба забывацца і пра пытанне прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў, якую трымае ў сваіх руках Лукашэнка. І з гэтага пункту гледжання краіны Еўрасаюза не могуць спакойна сказаць Маскве: “Забірайце сабе Беларусь” — у іх там таксама ёсць свае інтарэсы. Але ўсё ж не трэба забывацца, што рэальныя рычагі ўплыву на сітуацыю ў Беларусі ў руках Масквы, а не Бруселя.