Эксперты: Улады не рэфармуюць эканоміку і працягваюць жыць у доўг

Еўрарадые задумалася: “Ці змяніў крызіс нашу краіну і як?” — і задало гэтае пытанне эканамістам. Розныя краіны па ўсім свеце актыўна ажыццяўляюць антыкрызісныя планы ды шукаюць новых гаспадарчых шляхоў. Еўрарадыё запытала беларускіх эканамістаў, ці адбыліся і ў нас нейкія сур’ёзныя змены.

Эканаміст Аляксандр Чубрык лічыць, што наша эканоміка засталася такой, якой была і раней. Дзеянні ўладаў так і не вырашылі ніякіх істотных эканамічных праблем. Адзінае, што змянілася – мы сталі браць больш грошай у доўг:

Аляксандр Чубрык:
“Тое, што адбываецца цяпер — гэта касметычныя змены. Прадпрыемствы як працавалі, так і працуюць. Занятасць як была, так нікуды не падзелася, валюта стабільная. Дэфіцыт расце. Толькі мы бярэм доўг, каб фінансаваць гэты дэфіцыт”.

Аднак бясконца доўг расці не можа. Фінансавыя праблемы ў кожным разе давядзецца вырашаць. Беларускія ўлады пакуль адкладаюць “балючае” рашэнне, але змены ўсё роўна адбудуцца. Крызіс яшчэ зменіць беларускую эканоміку, упэўнены Аляксандр Чубрык.

Пагаджаецца з ім і эканаміст Сяргей Чалы. Каб паправіць цяжкае становішча ў нашай краіне, перш за ўсё трэба перастаць вырабляць непатрэбныя тавары і пачаць вытворчасць таго, што сапраўды будуць купляць. Пакуль гэтага не адбылося, таму пра сур’ёзныя змены ў Беларусі казаць рана.

Сяргей Чалы: “Усё, што трэба было б зрабіць яшчэ нічога не зрабілі. Пакуль толькі рытуальныя крокі прымаюцца і па вялікім рахунку, не сказаў бы, што штосьці змянілася”.

Аднак пэўныя шансы на змены ёсць. Сяргей Чалы лічыць, што паспрыяць гэтаму могуць патрабаванні Міжнароднага валютнага фонду. Беларускія ўлады будуць вымушаны нешта рабіць, каб атрымаць ад яго грошы:

Сяргей Чалы: “Крэдыт МВФ гэта моркаўка, якая вісіць перад носам нашых уладаў. Я спадзяюся, што менавіта яна прымусіць іх нейкія крокі ажыццявіць, аднак такім чынам, каб зрабіць як мага менш, а атрымаць як мага больш”.

А вось эканаміст Міхаіл Залескі лічыць, што ніякіх зменаў беларусам нават і чакаць не варта. Менавіта гэта ім гарантаваў сам прэзідэнт:

Міхаіл Залескі: “Вось у інтэрв’ю, якое Лукашэнка даваў 6 ліпеня аўстрыйскай газеце, ён сказаў, што мы ўсё роўна не будзем рабіць абвальнай прыватызацыі. То бок ён гарантаваў, што нічога не зменіцца”.

А вось прэс-сакратар Нацбанка Анатоль Драздоў упэўнены, што беларускія ўлады змагаюцца з крызісам даволі эфектыўна. Для істотных змен ў эканоміцы прайшло вельмі мала часу. Аднак урад і Нацбанк увесь час займаюцца вывядзеннем Беларусі з крызісу:

Анатоль Драздоў: “Ніякіх структурных зменаў пакуль не адбылося, таму што такія змены не адбываюцца цягам паўгода. Хаця ўрад і Нацбанк прынялі шэраг мераў па лібералізацыі эканомікі і змякчэнні праяваў крызісу. Такія захады будуць прымацца і далей”.

Фота: resultat61.ucoz.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі