Эксперымент: Колькі долараў можна набыць у абменніку за адну гадзіну

Пакупка валюты ў апошнія дні пераўтварылася ў сапраўдны квест. Каб сабраць нейкую суму ў доларах ці еўра, напрыклад, на замежную паездку ці аплату кватэры, даводзіцца аббягаць дзясяткі абменнікаў у Мінску. Самыя перспектыўныя — у гандлёвых цэнтрах і буйных крамах. Таму накіроўваюся ў мінскі ГУМ.

Там высвятляецца, што такіх, як я, шмат, і да касы "Белінвестбанка" ўжо выстраілася прыстойная чарга з жадаючых раздабыць замежныя грошы. Той, хто здае, ветліва прапускаецца да акенца. Схема выглядае наступным чынам: набываеш толькі тое, што здаюць. Адпаведна, чарга рухаецца павольна. Да таго ж, калі не хапае да жаданай сумы — стаіш далей.

14.25. Займаю чаргу ў абменнік "Белінвестбанка" ў сталічным ГУМе, каб набыць валюту. Перада мной стаіць восем чалавек, я — дзевятая. Тыя, хто здае, падыходзяць да чароўнага акенца без чаргі.

"Іду ў кавярню, таму патрэбныя грошы", — усміхаецца ветлівая Таццяна. Яна здае 50 долараў. Цікаўлюся, адкуль у яе долары ў няпросты час, калі іх так цяжка набыць. "Нешта было ў запасах, нешта набывалі, нешта зарабілі, карацей, усё гарманічна, без усялякай мітусні", — працягвае дзяўчына.

50-тку з радасцю выкупляе пенсіянерка, цяпер у яе ў суме 200 долараў, і яна спакойна можа ісці дадому, а я перамяшчаюся на 7-е месца.

"Набываю, бо беларускі рубель падае ў сваім рэальным кошце, таму па кропельцы, па кропельцы, збіраю на выпадак хваробы ці, не дай Божа, зыходу з жыцця. Але я не адна. Калі б я была адна, я б не здолела набыць гэтыя долары. Але я пакуль што з мужам, таму яшчэ неяк можна нешта сабе дазволіць адкласці", — тлумачыць жанчына сваю прагу да замежнай валюты.

Да нашай чаргі ўвесь час падыходзяць людзі. Акругляючы вочы, гледзячы на табло з новенькімі чырвонымі лічбамі, яны тэлефануюць родным з навіной: курс вырас і выраўняўся — можна здаваць!!!

"Заробак, які атрымала, растае на вачах не проста кожны дзень, а кожную гадзіну. Разумееш, што тое, што зарабіў, пойдзе зусім не на тое, што ты запланаваў", — кажа Лілія, якая займае чаргу за мной і хоча набыць долараў 300-400.

Дагэтуль жанчына стаяла ў двух чэргах, але перад ёй забіралі ўсё, што здавалі — нават 700 долараў!

За мной займаюць чаргу яшчэ чалавек 5. Камунікабельная Марыя распавядае, што мае невялічкую фірму і стаіць за доларамі, каб выплаціць заробак свайму працаўніку, з якім заключаная дамова аб разліку толькі доларамі. Хлопец, на выгляд гадоў 18-ць, здымае кватэру за 350 баксаў. Хоча набыць хоць колькі, але не вытрымлівае і збягае на пары.

14.40. Мая чарга набліжаецца. "Навошта вам усім долары?" — з'яўляецца ля чаргі высокі вясёлы мужчына ў акулярах, маўляў, я тут здаваць сабраўся. Чарга адказвае пытаннем на пытанне: "А навошта вы здаяце?"

“Беларускі рубель — законны плацежны сродак!” — выдае весялун і сыходзіць, бо ў абменніку рэшты не даюць, а ён з соткі хоча здаць усяго 20 долараў.

14.51. На акенцы з'яўляецца подлая шыльда "Тэхнічны перапынак". Перада мной 2 чалавекі: пенсіянерка, якая проста ў чарзе адзначае свой Дзень нараджэння, і мужчына гадоў сарака, які палюе выключна на еўра. Цікаўлюся, навошта яму менавіта еўра:

“На адпачынак у Італію, які планую на лета. Гэта першая спроба набыць еўра, але ж вы бачыце, менавіта іх здаюць слаба”.

Падчас перапынку да нашай чаргі падыходзяць дзядулі, якія распавядаюць, дзе можна лёгка набыць любую валюту.

У банку ў "Сталіцы" я ўчора 200 ўзяў без праблем. Проста трэба ўзяць талончык у аўтамаце і чакаць.

Не падманвайце. Я толькі што адтуль — пуста там! — перабівае дзядулю дзяўчына і звяртаецца да нашай чаргі: “Вы чаму тут стаіце?”

Хочам набыць валюту, — дружна адказваем мы.

Дык вы валютчыкі?

Што вы!? — рагочам невялікай кампаніяй. — Тут жа паўсюль камеры!

Другі дзед паведамляе, што у "Франсабанку" і "Абсалютбанку" на станцыі метро "Парк Чалюскінцаў" валюта ёсць у свабодным доступе — бяры, колькі хочаш. Але мае суседзі па чарзе ўздыхаюць: "Ой, далёка туды ехаць".

15.15. Да акенца пацягнуліся ахвочыя здаць запаветную валюту.

Колькі? 40 еўра? Бяру, — уздыхае мужчына, які збіраецца ў Італію.

100 долараў? Рэшты няма? То бярыце вы, — саступае мне месца жанчына-імянінніца, якой яшчэ да перапынку дасталася 120 долараў і да поўнага шчасця заставалася яшчэ 30.

Я радасна забіраю сваю сотку, выклаўшы мільён пяцьсот трыццаць тысяч рублёў. Разагнацца ў пакупцы валюты мне ўдаецца да хуткасці 100 д/г. То бок сто долараў за гадзіну!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі