Эксперымент: Куды прасцей трапіць ― на БелАЭС, альбо АЭС у краіне Еўрасаюза

Эксперымент: Куды прасцей трапіць ― на БелАЭС, альбо АЭС у краіне Еўрасаюза

Еўрарадыё працягвае серыю “атамных” рэпартажаў. Мы раскажам вам, як кожны ахвотны можа трапіць на сапраўдную АЭС, у чым адрозненне паміж адкрытасцю Беларускай АЭС і станцый у Еўрасаюзе, параўнаем жыццё ў “атамных” гарадках Беларусі і Літвы, а таксама пакажам, як знутры выглядае Ігналінская АЭС. У першым рэпартажы можна пачытаць пра тое, з чым сутыкнецца “атамны турыст”, калі захоча наведаць сапраўдную атамную электрастанцыю. Другі “атамны” тэкст пра жыццё ў Вісагінасе — літоўскім атамным горадзе. Сёння матэрыял пра тое, куды прасцей трапіць ― на тэрыторыю БелАЭС, альбо на АЭС ў краіне Еўрасаюза. І што для гэтага неабходна зрабіць.

Эксперымент: Куды прасцей трапіць ― на БелАЭС, альбо АЭС у краіне Еўрасаюза

Тэлефон здаць, да падлогі не датыкацца!

Шэры будынак з жалезабетону, на першым паверсе шэраг шкляных дзвярэй. Паабапал — высокія шматпавярховыя адміністрацыйныя будынкі. Ззаду і крыху ўбаку — два вялізныя бетонныя кубы вышынёй дзевяць паверхаў кожны.

Ідэя наведаць будаўнічую пляцоўку Беларускай АЭС прыходзіць пасля інцыдэнту з корпусам рэактара. Захацелася яго ўбачыць на ўласныя вочы. Амаль адначасова ўзнікла жаданне параўнаць умовы наведвання АЭС у Беларусі і краіне ЕС. Бліжэйшая да нас такая станцыя ― літоўская Ігналінская. Пачынаю з самага простага ― знаходжу на сайтах спіс неабходнай для наведвання інфармацыі.

 

Для журналістаў

 

Ігналінская АЭС

1. Назва арганізацыі СМІ (тэлевізійнага канала, газеты)

2. Мэта інтэрв'ю/відэаздымкі (з кім хацелі б сустрэцца, тэма інтэрв'ю і пытанні)

3. Месца наведвання: ІАЭС або сховішчы для адпрацаванага паліва ці іншыя аб'екты.

4 Дакладная дата плануемага візіту і прыкладны час прыбыцця.

5. Асабістыя дадзеныя ― прозвішча, імя, імя па бацьку, нумар пашпарта, кантактны тэлефон.

6. Спіс відэа- і фота- апаратуры, уключаючы камеры, мікрафоны і драты да іх, іншую апаратуру, штатывы. Побач з назвамі павінны быць пададзеныя маркі абсталявання, нумары, колькасць адзінак

 

Падзелу на літоўскіх і замежных журналістаў няма, патрабаванні да ўсіх аднолькавыя.

 

БелАЭС

1. Пашпартныя дадзеныя наведвальнікаў

2. Пасады наведвальнікаў

3. Запланаваныя даты наведвання

4. Дадзеныя на транспартны сродак (дзяржаўны нумар, марка і мадэль), калі прыезд плануецца на транспартном сродку асабістым альбо які належыць СМІ.

5. Копія пасведчання аб акрэдытацыі СМІ

6. Копіі пашпартоў (стар. 31-33; старонка з рэгістрацыяй)

7. Планы рэпартажаў, артыкулаў, інтэрв'ю, сцэнарныя планы фота-, кіна-, відэаздымак.

 

У дадатак існуе складанасць для прадстаўнікоў СМІ замежных дзяржаў. Імі дадзеныя ў Дырэкцыю будаўніцтва БелАЭС прадастаўляюцца за 32 дні да планаванага наведвання. Усё трэба даслаць традыцыйнай поштай, дакументы замацаваць рэдакцыйнымі пячаткамі.

 

Для звычайных людзей

На Ігналінскай АЭС убачыць станцыю знутры (уключна з самымі важнымі памяшканнямі) можа абсалютна кожны ахвотны ― яму нават правядуць экскурсію і ўсё раскажуць спецыялісты. Каштуе такое задавальненне 58 еўра. На станцыі расказваюць, што жадаючых не так шмат (кошт для Літвы немаленькі), але яны ёсць. Таксама трапіць на станцыю могуць студэнты профільных спецыяльнасцей, яны тут частыя госці.

На сайце Дырэкцыі будаўніцтва БелАЭС таксама прапісаная магчымасць наведаць яе з экскурсіяй. "Для допуску наведвальнікаў з экскурсійнымі мэтамі неабходна за 15 дзён да планаванага наведвання накіраваць у Дзяржаўнае прадпрыемства "Беларуская АЭС" афіцыйны запыт з указаннем пашпартных дадзеных наведвальнікаў, пасад, а таксама пераліку пытанняў, якія цікавяць. Да запыту прыкладаюцца копіі пашпартоў наведвальнікаў", гаворыцца там. Доступ замежных грамадзян на БелАЭС яшчэ больш няпросты ― дакументы яны павінны даслаць за 30 дзён да наведвання.

Эксперымент: Куды прасцей трапіць ― на БелАЭС, альбо АЭС у краіне Еўрасаюза

Усе з'ехалі адсюль. Усе, хто мог.

Невялікі аднапавярховы будынак, прыбіральня-шпакоўня, вышка сотавай сувязі. Іржавы аўтобусны прыпынак. А навокал — лес. Так выглядае чыгуначны вакзал Вісагінаса — літоўскага атамнага горада.

Як усё выглядае на практыцы

 

Ігналіна

Усё аказалася амаль так, як прапісана ў інструкцыі. Усе звесткі пра сябе і мэту візіту можна падаць праз электронную пошту, з прэс-цэнтра адказвалі праз дзень, альбо праз некалькі дзён. Дасылалі дадатковыя формы для запаўнення, удакладнялі дэталі па тэлефоне (званілі самі). Адзінай складанасцю было вызначыць дату прыезду ― нешта не падыходзіла мне, нешта ― супрацоўнікам АЭС (не заўсёды былі на месцы людзі, якія маглі правесці экскурсію не па-літоўску). У выніку крыху больш чым праз месяц пасля адсылання заяўкі я трапіў на станцыю. Там нават не прыйшлося паказваць рэдакцыйнае пасведчанне. Адносныя складанасці былі з тэхнікай ― мабільны тэлефон узяць з сабой нельга, усё іншае перапісваюць па серыйных нумарах і правяраюць на тэрыторыі станцыі 3-4 разы. Дадам яшчэ пра добразычлівасць супрацоўнікаў Ігналінскай АЭС. Мне не дазволілі сфатаграфаваць толькі пункты пропуску. "Ахова гэтага вельмі не любіць", ― ледзьве не прабачаліся праваднікі.

 

Астравецкая АЭС

Забягаючы наперад, скажу, што туды я так пакуль і не трапіў, але пра ўсё па парадку. Пачалося, як і ў выпадку з Ігналінай, з адсылання заяўкі (гэта было зроблена ў жніўні). Мэйлам нельга ― толькі традыцыйна, у пухлым канверце з маркай. Адказ прыйшоў крыху больш чым праз месяц ― на афіцыйным бланку з пячаткай было напісана, што я ўключаны ў спіс удзельнікаў прэс-тура і пра яго даты мяне "праінфармуюць асобна". Яшчэ праз месяц, не дачакаўшыся інфармавання, я пазваніў у Дырэкцыю будаўніцтва БелАЭС, дзе мне сказалі, што прэс-тур "запланаваны на лістапад" і "вы абавязкова да нас трапіце". Тое самае пацвердзілі і ў Мінэнерга, куды я пазваніў для перастрахоўкі. У лістападзе я зноў званю на АЭС, зноў чую "так, так, так, вядома, усё ў сіле, мы вас праінфармуем".

 

Развязка гісторыі адбылася ў канцы года, праз пяць месяцаў пасля адсылання заяўкі, якая па правілах наведвання БелАЭС журналістамі разглядаецца 32 дні. Размову з супрацоўніцай Дырэкцыі будаўніцтва БелАЭС падаю цалкам:

― Добры дзень. Я вось усё не дачакаюся запрашэння ў прэс-тур. Магчыма, падкажаце, калі ўжо можна будзе прыехаць?

― Так. "Еўрарадыё", так?

― Так. Мне паведамлялі, што я зарэгістраваны як удзельнік прэс-тура.

― Прэс-тур не адбыўся.

― Не адбыўся?

― Так. Не было інфармацыйнай нагоды.

― Патрэбная інфармацыйная нагода?

― Вядома.

― Без яе, па жаданні, прыехаць нельга?

― Мы такое не практыкуем. Вашы дадзеныя якія? Турэцкі?

― Пілецкі. Аляксандр.

― Вы ў верасні дасылалі заяўку?

― У жніўні. Мне пісьмовы адказ прыйшоў. Пра тое, што запланаваны прэс-тур і мяне туды ўключылі.

― Ага. Тады вам трэба званіць у Мінэнерга.

― Я ўжо званіў туды.

― Хм...

― Я правільна разумею, што не магу як журналіст да вас прыехаць і убачыць тое, што мне трэба, задаць пытанні?

― Апошнім часам мы такога не практыкуем.

― Зусім немагчыма?

― Ну... Магчыма. Адпраўляйце заяўку, дакументы.

― Я ўжо вам усё даслаў. У вас ёсць усе мае дакументы.

― Але ж прэс-тур не адбыўся.

― На вашым сайце не гаворыцца пра прэс-туры. Там гаворыцца аб наведванні БелАЭС журналістамі. Я падаў усе дакументы.

― Тая ваша заяўка пайшла на прэс-тур. І ўсё.

― І што мне цяпер рабіць?

― Ну... Прадублюйце яе. Пашліце ўсе дакументы нанова. Тая ваша была як на прэс-тур, і яна закрытая. Калі вы хочаце па-новаму наведаць АЭС, паспрабаваць наведаць, то вы павінны даслаць новую заяўку.

― То бок я даслаў заяўку, яе прынялі, даслалі мне афіцыйны адказ, што я прыняты, а цяпер аказваецца, што яна закрытая? А як я павінен быў пра гэта даведацца? Калі б я вам не патэлефанаваў, то я б і не даведаўся, што яна адхіленая, так?

― Ну, магчыма, зараз прывязуць новы корпус рэактара, і будзе арганізаваны прэс-тур.

― Але пакуль не вядома, будзе ён, альбо не?

― Так.

― Я, дарэчы, акурат прачытаў пра тое, што з корпусам рэактара нешта здарылася падчас перавозкі ў Талачынскім раёне.

― Так, так. Было здарэнне. У нас на сайце паглядзіце інфармацыю.

 

Разышліся мы на тым, што я дашлю сваю заяўку нанова. Яе паабяцалі разгледзець і даць адказ. Праз 32 дні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі