Электрагітару Прынса прадалі ў Лос-Анджэлесе за 137,5 тысячы долараў
Жоўтая электрагітара амерыканскага музыкі і спевака Прынса, які заўчасна памёр 21 красавіка, праданая на аўкцыёне Heritage Auctions у Лос-Анджэлесе за 137,5 тысячы долараў. На гэтым інструменце музыка граў на канцэртах у 1980-я і 1990-я гады.
Як перадае ВВС, гітару набыў уладальнік футбольнай каманды “Індыянопаліс Колтс” Джым Ірсэй. У яго калекцыі ёсць музычныя інструменты іншых легендарных музыкаў — Джона Ленана, Боба Дылана, Рынга Стара і Джэры Гарсія з гурта Grateful Dead.
57-гадовы Прынс быў знойдзены мёртвым у сваёй хатняй студыі 21 красавіка. Пазней стала вядома, што ён сканаў ад перадазіроўкі медыцынскага прэпарата, які ўтрымлівае опій.
Прынц быў адным з найбольш уплывовых і папулярных амерыканскіх музыкаў. У 2004 годзе яго ўключылі ў Залу славы рок-н-рола.