Эпідэміёлаг: Штодня ў Мінску выяўляюць па некалькі хворых на свіны грып

Паводле звестак медыкаў, кожны чацвёрты жыхар сталіцы, які хварэў на звычайны грып, перанёс таксама і “свіны” грып Пакуль уся краіна чакае чарговага ўздыму эпідэміі "свінога" грыпу, сталічныя медыкі штодня фіксуюць некалькі выпадкаў гэтага захворвання.

Як паведаміла Еўрарадыё загадчыца эпідэміялагічным аддзелам Мінскага гарадскога цэнтру гігіены і эпідэміялогіі Алена Фісенка, выяўленне высокапатагеннага грыпу A/H1N1 адбываецца дзякуючы адмысловым даследаванням. Назіранні за хворымі на грып і пнеўманію сведчаць: прыкладна кожны чацвёрты пацыент мае менавіта вірус A/H1N1.

Алена Фісенка: “Усяго за перыяд назіранняў у Мінску было праведзена каля 1150 даследаванняў. Ад хворых на грып, на ўскладненыя формы грыпу атрыманыя 272 станоўчыя даследаванні на вірус высокапатагеннага грыпу А. І, паводле дадзеных Нацыянальнага цэнтру па грыпе, для Мінска — яшчэ 155. То бок наш адсотак станоўчых вынікаў — недзе каля 25% хворых на ўскладненыя формы грыпу і пнеўманіі даюць станоўчы вынік на высокапатагенны грып. Кожны дзень праводзяцца даследаванні, і кожны дзень ёсць некалькі станоўчых вынікаў”.

Цягам тыдня можна будзе рабіць і першыя прагнозы адносна наступнага ўздыму эпідэміі. Аднак ужо цяпер вядзецца кампанія вакцынацыі групы рызыкі, у якую ўваходзяць найперш медыкі, а таксама супрацоўнікі камунальных і экстраных службаў.

Алена Фісенка: “Зараз ідзе кампанія імунізацыі менавіта супраць высокапатагеннага грыпу. Вакцынуюцца медыкі і супрацоўнікі гарадскіх службаў. Медыкі — так, гэта адназначна група рызыкі. А жыццядзейнасць гораду — дзеля таго, каб, напрыклад, службы, якія павінны працаваць штодзённа ў аператыўным рэжыме, былі ўсе працаздольныя”.

Масавая вакцынацыя для астатняга насельніцтва будзе магчымая пазней, пасля набыцця неабходнага аб’ёму прэпаратаў. Аднак ужо сёння кожны можа перастрахавацца і зрабіць сабе прышчэпку супраць "свінога" грыпу — нават калі ён ўжо перасцерагаўся ад звычайнага сезоннага.

Алена Фісенка: “Гэта не супрацьпаказана. Адзінае супрацьпаказанне — што паміж вакцынацыяй сезоннага грыпу і высокапатагеннага грыпу павінна мінуць не менш за месяц”.

Зрабіць прышчэпку можна ў паліклініцы па месцы прапіскі. У сталічнай паліклініцы №15 запэўнілі, што тады вакцынацыя будзе бясплатная і запатрабуе толькі накіравання ад тэрапеўта.

“Можна. Бясплатна. Накіраванне ад тэрапеўта патрэбнае. Прышчэпка ў выглядзе спрэю ў нос толькі, жывая вакцына”.

Калі ж па месцы прапіскі прышчапіцца не атрымліваецца, зрабіць гэта можна і ў іншай паліклініцы. Аднак у гэтым выпадку, як паведамілі Еўрарадыё ў мінскай паліклініцы №21, за вакцыну давядзецца заплаціць.

“Так, можаце. Ну, яна тысяч каля 30 каштуе”.

Ужо ў гэтым месяцы Беларусь чакае чарговы ўздым захворванняў на грып — як на звычайны, так і на "свіны". Наколькі ён будзе вялікім і інтэнсіўным, медыкі даведаюцца напрыканцы тыдня.

Алена Фісенка: “Чакаем, што бліжэйшым часам можа пайсці фармаванне чарговага, паслясвяточнага, уздыму захворванняў — гэта таксама характэрная адметнасць. Уздым, верагодна, будзе. Але наколькі ён будзе вялікім, мы будзем арыентавацца ўжо напрыканцы гэтага тыдня: залежыць ад таго, як будзе праходзіць эпідэміялагічны працэс, то бок наколькі інтэнсіўна будзе павялічвацца колькасць захворванняў”.

Сёння колькасць захворванняў на звычайны грып, згодна са словамі медыка, знаходзіцца ў межах штогадовых сярэдніх паказальнікаў.

Тым часам у Еўропе за мінулы тыдзень ад "свінога" грыпу сканалі 78 чалавек, у тым ліку двое літоўцаў.

Фота з angara-mama.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі