Ермакова: "На біржы курс долара можа сыйсці і за 11 тысяч"
Але сярэдні курс долара на канец года — 8950 рублёў, на наступны год — 9500. Лічбы будуць вытрыманыя, “калі не паўплываюць нейкія здарэнні ў свеце”.
Паводле прагнозу Нацбанка, курс долара на канец года складзе 8950 рублёў. Пра гэта ў размове з карэспандэнтам Еўрарадыё паведаміла старшыня ўстановы Надзея Ермакова.
Ермакова: “Па нашых разліках, сярэдні курс долара на 2013 год — 8950 рублёў. Гэты курс павінен быць вытрыманы, калі нейкія здарэнні ў свеце не паўплываюць на курс. На біржы курс долара даходзіць і да 11 тысяч, бывае і сем тысяч за долар за дзень. Але Нацбанк згладжвае гэтыя скачкі, каб не было моцных хістанняў валюты”.
Па словах Надзеі Ермаковай, на наступны год курс долара запланаваны, на ўзроўні 9500 рублёў за долар. Такую ж лічбу агучваў днямі і віцэ-прэм’ер Пётр Пракаповіч.
Адзначым, што за верасень курс долара не апускаўся ніжэй за 9000 рублёў.
Адказваючы на пытанне пра магчымае зніжэнне курсу рубля дзеля павышэння канкурэнтаздольнасці нашых тавараў за мяжой, Ермакова адзначыла, што аднамомантнай дэвальвацыі не плануецца.
“Сёння курс адзін, заўтра другі — гэта таксама адносіцца да дэвальвацыйных працэсаў. Але калі вы маеце на ўвазе аднамомантную дэвальвацыю ў адзін-два разы, дык гэтага не будзе. Калі нехта хоча рабіць аднамомантную дэвальвацыю і рэкамендуе – дык хай робіць у сваёй краіне”, — заявіла кіраўнік Нацбанка.