“ЕС трэба хоць рыторыкай аддзячыць Мінску за вызваленне палітвязняў”
Палітолаг Валер Карбалевіч прагназуе, ці чакаць еўрапейскіх амбасадараў бліжэйшымі днямі ў Беларусі.
Еўрарадыё: "Расійская газета" са спасылкай на дыпламатычную крыніцу піша, што цягам бліжэйшых дзесяці дзён еўрапейскія амбасадары вернуцца ў Беларусь, пры гэтым афіцыйна абвяшчаць пра гэта не будуць. Як вы лічыце, наколькі магчымае такое развіццё падзеяў?
Валер Карбалевіч: Такое развіццё падзеяў магчымае, але я больш асцярожна ставіўся б да ўсялякай ананімнай інфармацыі. Таму што нядаўна з ананімных крыніцаў паведамлялася, што амбасадары вернуцца пасля каталіцкага Вялікдня. Час прайшоў, аднак вяртання не адбылося. Таму трэба паглядзець. Я думаю, тут будзе вельмі важным тое, што адбудзецца ў панядзелак, калі міністры замежных справаў Еўрасаюза будуць абмяркоўваць на сваім паседжанні розныя пытанні. Ці будзе там беларускае пытанне, калі будзе — то якое будзе прынятае рашэнне? Беларускія ўлады асцерагаюцца новых санкцыяў. І калі яны не будуць прынятыя, то, я думаю, ніякіх перашкодаў на шляху вяртання амбасадараў не будзе.
Еўрарадыё: Як бы гэта магло выглядаць з боку Еўрасаюза пасля заявы Макея наконт таго, што спачатку варта было б разабрацца з санкцыямі, а потым вяртаць амбасадараў?
Валер Карбалевіч: Беларускі бок зараз пайшоў на пэўныя саступкі, выпусціўшы двух палітвязняў, але ён вельмі не хоча, каб гэта выглядала, як саступкі. Таму ён усяляк дэманструе сілу. Гэта і заявы спадара Макея, і паведамленне пра тое, што беларускія памежнікі ўжо не будуць так дэталёва сачыць за тым, хто выязджае з Беларусі ў Еўропу. То бок адбываецца пэўны шантаж Еўропы. Захаваць аблічча і адначасова саступіць і замірыцца — мне падаецца, такія дзве задачы, якія не зусім супадаюць адна з другой, ставяць перад сабой сёння беларускія ўлады і беларускія дыпламаты.
Еўрарадыё: А наколькі магчымае выкананне абедзвюх задач? З аднаго боку, нібыта штосьці робіцца — выпусцілі Саннікава і Бандарэнку. І тут жа робяць гучныя заявы наконт мяжы ці пра тое, што не будзе рэабілітацыі.
Валер Карбалевіч: Я б назваў гэта нейкай дысфункцыяй знешняй палітыкі, калі адна рука не ведае, што робіць другая. Але я думаю, што ёсць пэўная розніца. Вызваленне палітвязняў — гэта рэальны крок, а заявы Макея — толькі рыторыка, арыентаваная хутчэй на ўласную беларускую аўдыторыю, каб паказаць моц і сілу, паказаць, што мы не саступаем. Трэба больш увагі звяртаць на дзеянні.
Еўрарадыё: Наколькі рэальна, што з боку Еўропы захаваецца цвёрдая пазіцыя ў дачыненні да афіцыйнага Мінску?
Валер Карбалевіч: Трэба глядзець, як далей будуць развівацца падзеі — ці будуць вызваленні, калі будуць, то на якіх умовах. Усё ж такі мне падаецца, што палітыка Еўрасаюза мусіць быць гнуткай. Цвёрдасць цвёрдасцю, але я лічу, што ўвядзенне нейкіх новых санкцый на паседжанні міністраў замежных справаў у панядзелак было б памылкай. Трэба вытрымаць нейкую паўзу, каб хоць рытарычна аддзякаваць беларускаму боку за вызваленне двух палітвязняў. Маўляў, палітвязняў вызвалілі, тады мы новыя санкцыі не ўводзім, пачакаем крыху. Адначасова цвёрдасць і гнуткасць — я думаю, гэта і ёсць аснова дыпламатыі.
Еўрарадыё: На вашую думку, вызваленне Андрэя Саннікава і Змітра Бандарэнкі ёсць вынікам эканамічных санкцый ці гэта крок, які і без гэтага быў запланаваны беларускімі ўладамі?
Валер Карбалевіч: Я думаю, што гэта вынік і эканамічных санкцый, і іншых чыннікаў, напрыклад, такіх як пагроза адмены чэмпіянату свету па хакеі на Кангрэсе Міжнароднай хакейнай федэрацыі, які адбудзецца ў траўні. Магчыма, гэта і напружанасць у адносінах з Расіяй. Усе гэтыя чыннікі ў комплексе ўплываюць на прыняцце важных рашэнняў у Мінску, у тым ліку і на вызваленне палітвязняў.
Еўрарадыё: Як, на вашую думку, магла б дзейнічаць Еўропа цяпер, каб, з аднаго боку, не саступіць з цвёрдай пазіцыі, а з іншага — праявіць гнуткасць, пра якую вы казалі, і заахвоціць беларускія ўлады да далейшай размарозкі сітуацыі ўнутры краіны?
Валер Карбалевіч: Па-першае, вяртанне амбасадараў — гэта ўжо сігнал жадання да прымірэння. То бок, вызвалілі палітвязняў — цяпер амбасадары вернуцца, гэта першы пункт. Другі пункт — пакуль не ўводзіць новых санкцый. Вытрымаць паўзу, каб паглядзець на далейшае развіццё падзеяў. Магчымыя яшчэ нейкія крокі. Зараз абвешчаная праграма “Дыялог дзеля мадэрнізацыі ў Беларусі”, якая ў асноўным арыентаваная на апазіцыю і грамадзянскую супольнасць. Магчыма, можна неяк далучыць да гэтай праграмы і беларускую дзяржаву, пакуль не ведаю як, але ў прынцыпе. Гэта таксама была б прапанова, якая дэманстравала б добрую волю Еўрасаюза.
Еўрарадыё: А санкцыі, што ўжо дзейнічаюць, на вашую думку, варта пакінуць?
Валер Карбалевіч: Цяжка даваць нейкія рэкамендацыі. Я думаю, што пэўная паўза ў ваяўнічых дзеяннях з абодвух бакоў была б карыснай, каб можна было проста агледзецца, каб паглядзець, чаго можна чакаць далей і што можна рабіць далей.