€500 на “адзінага” здаў толькі адзін: дэмакратычных праймерыз не будзе?
За тыдзень у Беларусі з’явіўся толькі адзін кандыдат на “адзінага кандыдата”. Выканаць усе ўмовы, здаць 500 еўра і стаць афіцыйным удзельнікам дэмакратычных праймерыз змог толькі лідар Руху “За Свабоду!” Юрась Губарэвіч.
Палітык расказаў Еўрарадыё, што падаў сваю заяўку ў першы ж дзень і адразу ж пералічыў арганізатарам грошы.
“Пераважна гэта мае грошы, але ёсць і дапамога тых сяброў, якія паабяцалі мне спрыяць падчас правядзення кампаніі, і гэта іх такі першасны ўнёсак у старт кампаніі”, — кажа Губарэвіч. Асабістыя грошы складаюць крыху больш за палову ад унёску.
Акрамя Губарэвіча, пра жаданне пазмагацца за ганаровае званне “адзінага” адразу заявілі чацвёра палітыкаў: Павел Севярынец, Аляксей Янукевіч, Мікалай Казлоў і Вольга Кавалькова. Еўрарадыё пацікавілася ў іх, як ідзе падрыхтоўка да праймерыз і што перашкаджае афіцыйна ўключыцца ў гонку.
Усё нармальна, грошы ёсць
Кіраўнік партыі БНФ Аляксей Янукевіч грошы пакуль не пералічыў, але заўляе, што неабходная сума ўжо сабраная:
“Гэта ахвяраванні прыхільнікаў партыі. Гэтыя сродкі ўжо сабраныя шляхам, так скажам, партыйнай сеткі людей — сяброў партыі і яе прыхільнікаў. Мы звярнуліся праз унутраныя каналы, і людзі ахвяравалі гэтыя сродкі”.
Аргкамітэт праймерыз пакуль не дачакаўся грошай і ад лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова. Па яго словах, 500 еўра ён возьме з партыйных грошай. Але фактычна частку з іх можна назваць асабістым капіталам:
“Туды ўключаныя і мае грошы: я і раблю ўнёскі, і адлічаю частку сваіх даходаў на рахунак партыі”, — расказвае Еўрарадыё Казлоў.
Прыём заявак на ўдзел у праймерыз — выбарах адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкія выбары-2020 — пачаўся 4 лютага. Яго ініцыявалі пяць палітычных структур: Рух “За свабоду”, аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Партыя БНФ і Аб’яднаная грамадзянская партыя.
Арганізатары праймерыз заяўляюць, што ўдзел у іх можа ўзяць кожны ахвочы. Трэба толькі выканаць некалькі ўмоў: паставіць свой подпіс пад спісам каштоўнасцяў Кангрэса дэмакратычных сіл, сабраць 200 подпісаў для сваёй ініцыятыўнай групы, а галоўнае — пералічыць 500 еўра, якія пойдуць на арганізацыю гэтых самых праймерыз. Вылучэнцам ад пяці структур — заснавальніц праймерыз збіраць подпісы не трэба.
Што за спіс каштоўнасцяў? Адзіны кандыдат ад апазіцыі мусіць выступаць:
1) за незалежную Беларусь і супраць дыктатуры;2) за абарону сацыяльных і эканамічных правоў грамадзян;
3) за выхад Беларусі з АДКБ, скасаванне Дамовы аб саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі і вывад замежных ваенных аб’ектаў з тэрыторыі Беларусі;
4) за развіццё беларускай мовы і культуры;
5) за добрасуседскія раўнапраўныя стасункі з ЕС, ЗША, Расіяй і іншымі краінамі;
6) лічыць недапушчальным умяшанне знешніх сіл ва ўнутраныя справы Беларусі.
З Божай дапамогай
Лідар БХД і антыінтэграцыйных пратэстаў Павел Севярынец паведаміў, што яшчэ не зарэгістраваўся на праймерыз, але зробіць гэта днямі. Пісьменнік, якога выключылі з ПЭНа за няўплату ўнёскаў, пра паходжанне стартавых 500 еўра паабяцаў расказаць пры падачы заяўкі.
Хрысціянская дэмакратка Вольга Кавалькова вылучаецца на праймерыз не ад сваёй палітычнай структуры, таму яна мусіць не толькі сплаціць 500 еўра, але і прадставіць 200 подпісаў сваёй ініцыятыўнай групы. Па словах палітыка, подпісы амаль сабраныя. Але заяўку без іх падаць немагчыма.
Кавалькова запэўніла Еўрарадыё, што яе планы не змяніліся — вылучацца на “адзінага” будзе дакладна.
— Адкуль возьмеце 500 еўра?
— Частка будзе сабраная праз краўдфандынг, частка — асабістыя грошы.
— У працэнтных суадносінах колькі будзе складаць адна частка, а колькі — другая?
— Пакуль цяжка сказаць. Будзе відаць бліжэй да падачы, а час яшчэ ёсць.
Заяўкі на ўдзел у праймерыз прымаюцца да 16 лютага.
Сюрпрыз-сюрпрыз
Пра рашэнне ўдзельнічаць у выбарах адзінага дэмакратычнага кандыдата 10 лютага неспадзявана заявіла і Ганна Канапацкая. “Інтрыга канчаецца. Я прыняла рашэнне — іду на праймерыз”, — напісала былая дэпутатка, а цяпер паспяховая топ-менеджарка аўстрыйскай фірмы з доўгай назвай на сваёй старанцы ў “Фэйсбуку”.
Зусім “адзіныя”
Намер вылучыцца кандыдатамі ў прэзідэнты раней выказалі і іншыя палітыкі, але без удзелу ў згаданых праймерыз. Самі сабе “адзіныя” — лідар “Народнай грамады” Мікалай Статкевіч, лідар партыі “Грамада” Сяргей Чэрачэнь, сябра ЛДПБ Віталь Зялкоўскі, больш вядомы як мем “суворы турыст”, і лідар ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
Пра вылучэнне ўласнага кандыдата таксама заявіла кампанія “Гавары праўду”. Але імя свайго абранніка яшчэ не агучвала.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.