Еўрадыпламаты адзначылі юбілей далучэння да ЕС еўрапікніком у Мінску

Пікнік у цэнтры Мінска зладзілі ў суботу, 30 траўня, еўрапейскія дыпламаты — на месцы будучай амбасады Польшчы. Гэтая “Euro garden party” была прысвечаная дзесяцігадоваму юбілею ўваходжання ў Еўрасаюз шэрагу краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Адпаведна, і арганізатарамі святкавання сталі амбасады Польшчы, Чэхіі, Эстоніі, Венгрыі, Літвы, Латвіі, Славакіі і прадстаўніцтва ЕС у Беларусі.

“Пашырэнне Еўрасаюза 10 гадоў таму — гэта выдатна скарыстаны шанец. Як з палітычнага, эканамічнага, так і з грамадскага і культурнага пункту гледжання. Да таго ж гэта быў натуральных крок дзяржаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы на шляху да свабоды, незалежнасці і дэмакратыі. Я хачу нагадаць, што тады, у 2004 годзе, да ЕС далучыліся 10 краін. І нягледзячы на шматлікія праблемы, якія і сёння стаяць перад намі, ужо сёння мы можам сцвярджаць, што галоўная мэта дасягнутая, а мінулае дзесяцігоддзе — адзін з найлепшых перыядаў гэтай часткі Еўропы. А таксама гэта пацверджанне таго, што Еўропа можа жыць без межаў, і свабода перасоўвання стала адным з галоўных дасягненняў інтэграцыі”, — пахваліўся вынікамі еўраінтэграцыі амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка.

І заклікаў усіх “адцягнуцца” напоўніцу. Магчымасці такія былі: кожная краіна-арганізатар пікніка паставіла на пляцоўцы свой намёт, дзе можна было паспрабаваць стравы нацыянальнай кухні, нацыянальныя напоі ды іншыя прысмакі. Культурную частку забяспечвалі музыкі польскага гурта Volosi, літоўскага M.K. Ciurlionis school of art brass quintet і славуты беларускі “Палац”.

Сустрэў на пікніку карэспандэнт Еўрарадыё і намесніка міністра замежных спраў Беларусі Алену Купчыну. Цяжка было не скарыстацца такой магчымасцю і не задаць некалькі пытанняў.

Еўрарадыё: Як вам падабаецца атмасфера гэтага “еўрапейскага” мерапрыемства?

Алена Купчына: Атмасфера святочная, мерапрыемства выдатнае. Галоўнае, што мы тут усе разам: Еўрасаюз і беларусы на нашай беларускай зямлі.

Еўрарадыё: Днямі ў вас была афіцыйная сустрэча са спадаром Гунарам Вігандам (дырэктар дэпартамента Расіі, “Усходняга партнёрства”, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы замежных дзеянняў — Еўрарадыё), а цяпер вы адпачываеце разам з еўрапейскімі дыпламатамі — ці могуць дзве гэтыя падзеі, калі іх спалучыць, азначаць, што адносіны паміж Беларуссю і ЕС наладжваюцца?

Алена Купчына: Ведаеце, у нас усё спалучаецца — няма розніцы паміж афіцыйным і неафіцыйным. Усё, што мы робім, мы робім дзеля нашай радзімы, дзеля нашай бацькаўшчыны. І таму па афіцыйнай лініі ідуць афіцыйныя мерапрыемствы, а ўсё астатняе — гэта сяброўства, якое мы падсілкоўваем у неафіцыйны час.

                                Алена Купчына і Лешак Шарэпка

Еўрарадыё: То, можа, адкрыеце таямніцу — калі будзе падпісанае пагадненне паміж Беларуссю і ЕС наконт палягчэння візавага рэжыму?

Алена Купчына: Гэта залежыць не толькі і не столькі ад беларускага боку. Беларускі бок не збіраецца ствараць штучных перашкод па зацягванні гэтага працэсу. Мы зацікаўленыя ў хутчэйшым падпісанні гэтых пагадненняў (кошт шэнгенскай візы ў такім выпадку будзе для беларусаў 35 еўра, а не 60, як цяпер. — Еўрарадыё). Але любое пагадненне — гэта два бакі. Таму і еўрапейскі бок мусіць рухацца.

Атмасферу пікніка можна пабачыць на фота, а якія ўражанні пакінуў ён у наведнікаў, што ім найбольш спадабалася, цікавіцца Еўрарадыё.

“Выступ гурта “Палац” найбольш спадабаўся”, — дзеліцца ўражаннямі намеснік старшыні партыі БНФ Ігар Лялькоў. І дадае:

“З геапалітычнага пункту гледжання я чарговы раз упэўніўся, што беларусы цалкам нармальна ўкладаюцца ў еўрапейскі кантэкст, яны выглядаюць такімі ж, як літоўцы, эстонцы ці палякі — мы такая ж еўрапейская нацыя!”

Падыходжу да кампаніі дзяўчат, якія нават адмысловую посцілку для пікніка прынеслі. Цікаўлюся: што больш спадабалася — піва, кілбаскі ці музыка?

“Тое, што адчуваеш сябе тут нават не ў нейкай канкрэтнай краіне, а ў супольнай геаграфічнай прасторы, якая называецца Еўропа. Вельмі свабодна. Усё тут неяк у меру: няма адмоўных уражанняў ад таго, што тут ёсць алкаголь, што ёсць мяса, — проста вельмі сардэчная атмасфера”.

Іншая кампанія моладзі тут таксама найперш уражаная атмасферай і арганізацыяй мерапрыемства.

“Гэты “пятачок” нас да такой ступені аб’яднаў усіх, што мы нібыта дома адчуваем сябе”.


Да сур’ёзных разваг падштурхнулі польскія кілбаскі з чэшскім півам і яшчэ аднаго суразмоўцу Еўрарадыё.

“Пікнік — гэта вонкавы бок прэзентацыі Еўрасаюза. А так… Далучэнне да Еўрасаюза адкрывае шырокія магчымасці для развіцця і эканомікі, і палітычнай сферы, і грамадзянскай супольнасці. Таму незалежна ад таго, ёсць пікнікі ці няма, нам варта набліжацца да Еўропы”.

Праўда, сур’ёзныя развагі на сацыяльна-палітычныя тэмы не зашкодзілі ахвочым ласавацца пачастункамі. І Еўрарадыё знайшло-такі людзей, якія менавіта гэтыя намаганні супрацоўнікаў амбасадаў адзначылі.

“Больш за ўсё спадабалася сама ідэя, калі кожная краіна дала магчымасць паспрабаваць нешта з іх нацыянальных страў. І нават пітво — можна параўнаць з беларускім піва розных краін! Гэта таксама выдатна. Ну, і культуру падчас канцэрта”.

У намёце прадстаўніцтва ЕС кіраўнік дэпартамента палітыкі, інфармацыі і прэсы прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Рудольф Рышар зладзіў конкурс — задаваў ахвочым пытанні пра Еўрасаюз. Пераможцы атрымлівалі ў якасці прызоў парасоны, мячы ды іншыя карысныя рэчы з сімволікай Еўрасаюза.

Фота: Віталь Ругайн, Зміцер Лукашук

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі