Еўрапейскія фермеры зноў будуць кідацца ў паліцыю курамі і выліваць малако
Фермеры збіраюцца працягнуць акцыі пратэсту, пакуль еўрачыноўнікі не пойдуць ім насустрач (Фота) Незвычайную акцыю пратэсту ў цэнтры Бруселя правялі ў панядзелак тысячы фермераў з краін Еўрасаюза. Дэманстранты перакрылі дарогі горада сотнямі трактароў, палілі на вуліцах салому і шыны, кідалі ў паліцыянтаў тухлымі яйкамі, курамі, ботамі і ўгнаеннем. Хтосьці паліваў паліцыянтаў малаком з вялікіх каністраў, а то і проста з вымя каровы. Адна жывёла так спужалася хлапушкі, што вырвалася ад гаспадара і ганялася па вуліцы за мінакамі, пакуль яе не злавілі іншыя фермеры.
Фермер цыркае ў паліцыянтаў малаком проста з каровінага вымя
Дэманстрацыя пятага кастрычніка — кульмінацыя серыі пратэстаў еўрапейскіх фермераў супраць нізкіх цэнаў на малочныя прадукты. Менавіта ў гэты дзень у будынку Савета Еўрапейскага Саюзу дзеля вырашэння "малочнага пытання" сабраліся міністры сельскай гаспадаркі, на якіх і хацелі паўплываць раззлаваныя фермеры. За мінулы месяц еўрапейскія сяляне проста вылілі мільёны літраў малака ў знак пратэста.
У сярэднім па ЕС у параўнанні з 2007 г. цэны на малако паменшыліся на 31%, а ў некаторых краінах ледзь не на палову. Вытворцы малака выдаткоўваюць грошай нашмат больш, чым маюць з продажу сваёй прадукцыі.
Сіта ван Кэймпема, намесніца старшыні Еўрапейскага малочнага камітэту (European Milk Board), які і арганізаваў акцыю пратэста:
"Зараз кошт стандартнага малака складае каля 22- 23 еўрацэнтаў (3.7% тлушчу, 3.4% бялкоў), а кошт яго вырабу — паміж 40 і 49 цэнтамі".
Некалькімі гадамі раней Еўрасаюз вырашыў рэфармаваць сістэму субсідый, якая скасуе малочныя квоты да 2015 года. Паводле слоў Сіты ван Кэймпэма, калі гэта адбудзецца, то сітуацыя толькі пагоршыцца.
Тым часам еўрачыноўнікі раней прыняты курс змяняць не збіраюцца. Міністры 20 з 27 краін ЕС падпісалі супольнае пагадненне з мэтай неадкладнай дапамогі малочным фермерам. Але Сіта ван Кэймпэма лічыць, што прынятыя на паседжанні рашэнні паспрыяюць вырашэнню праблемы толькі ў далёкай перспектыве, а захадаў, якія дапамаглі б фермерам у блізкім часе, яны не прынялі зусім.
Сіта ван Кэймпэма: "Не, мы не задаволеныя вынікам сустрэчы. На маю думку, Еўрапейская Камісія пагэтуль не зважае на наступствы сваёй палітыкі ў малочнай сферы і на наступствы эканамічнага крызіса. Што трэба зрабіць — дык гэта вярнуць збалансаваны рынак, і адзінае выйсце — зменшыць аб'ём малочнай прадукцыі. І зрабіць гэта можна праз сістэму квотаў, якую мы маем у Еўропе. Гэта і было б найлепшым рашэннем у блізкай перспектыве. Зараз жа сітуацыя не паляпшаецца, а горшае з кожным днём. Напрыклад, 75% малочных фермераў з Нідэрландаў ужо звярнуліся ў банкі па займы. Шмат маладых фермераў сыходзяць з малочнага бізнэсу, яны болей не хочуць працаваць у гэтай сферы".
Рашэнні на блізкую перспектыву будуць, верагодна, прымацца праз два тыдні падчас наступнага раўнду сустрэчы міністраў сельскай гаспадаркі. А да гэтага часу Еўрапейскі малочны камітэт прыпыняць свае незвычайныя пратэстныя акцыі не збіраецца.
Сіта ван Кэймпэма: "Бліжэйшымі тыднямі, да 19-га кастрычніка, мы будзем ладзіць шмат дэманстрацыяў у розных еўрапейскіх краінах. А 19-га альбо 20-га кастрычніка, калі будуць прымацца наступныя рашэнні на гэты конт, мы зробім вялікую дэманстрацыю ў Люксембургу".
Фермер кідае тухлую курыцу ў афіцэраў паліцыі. Ле Ман, Францыя.
Фермеры на вуліцах французскага горада Каэн.
Мужчына б'е па бідоне на галоўнай акцыі пратэста фермераў у Бруселі
Вуліцы Брусэля былі заблакаваныя прыгнанымі трактарамі
Фота: Georges Gobet/AFP/Getty Images, Jean Francois Monier/AFP/Getty Images, Mychele Daniau/AFP/Getty Images, AP Photo/Yves Logghe, AP Photo/Virginia Mayo.