Еўрапейскія лідары абвясцілі ультыматум Нікаласу Мадуру

 Еўрапейскія лідары абвясцілі ультыматум Нікаласу Мадуру

Еўрапейскія лідары вынеслі ультыматум кіраўніку Венесуэлы Нікаласу Мадуру. Іспанія, Нямеччына, Францыя і Вялікабрытанія папярэдзілі яго, што цягам васьмі дзён Мадура мусіць абвясціць прэзідэнцкія выбары. Іначай яны афіцыйна прызнаюць апазіцыйны ўрад.

У сераду, 23 студзеня, кіраўнік Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы Хуан Гуайдо абвясціў сябе выканаўцам абавязкаў прэзідэнта краіны, нагадвае ВВС. Некалькі краінаў, у тым ліку ЗША, заявілі, што падтрымліваюць гэтага лідара.

У адказ Мадура заявіў пра спробу перавароту, разарваў дыпламатычныя стасункі з ЗША і даў амерыканскім дыпламатам 72 гадзіны, каб пакінуць Венесуэлу. Станам на раніцу 27 студзеня амерыканскія дыпламаты выехалі з краіны.

Мадура заступіў на другі прэзідэнцкі тэрмін на пачатку студзеня. Апазіцыя байкатавала выбары, а таксама абвінаваціла дзеючага кіраўніка краіны ў фальсіфікацыі вынікаў галасавання.

Нацыянальная асамблея Венесуэлы сцвярджае, што фактычна пасада прэзідэнта не занятая, бо выбары прайшлі з істотнымі парушэннямі. А Хуан Гуайдо як кіраўнік асамблеі мусіць узяць на сябе паўнамоцтвы прэзідэнта.

У гарадах Венесуэлы прайшлі шматтысячныя акцыі пратэсту. Былі загінулыя ў сутыкненнях з паліцыяй, сотні ўдзельнікаў затрымалі.

Венесуэла перажывае глыбокі эканамічны крызіс. Апазіцыя сцвярджае, што гадавы ўзровень інфляцыі ў краіне дасягнуў 1,3 млн адсоткаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі