Еўрарадыё раіць: Топ-10 фільмаў "Лістапада"

7 лістапада ў Мінску стартуе ХХІ кінафестываль "Лістапад". Гэтым разам праграма апынулася настолькі насычанай, што фільмы будуць ісці не толькі днём, але і ўначы. Традыцыйна, яна ўключае конкурсы у межах ігравога і дакументальнага кіно, нацыянальны конкурс, конкурс фільмаў для дзяцей і моладзі "Лістападзік", а таксама пазаконкурсныя паказы.

Еўрарадыё вывучыла праграму "Лістапада" і склала топ-10 фільмаў, якія, на наш погляд, варта паглядзець.

Конкурсная праграма ігравога кіно:

1. Фільм, які адкрывае праграму фестывалю "Я не вернусь" эстонскага рэжысёра Ілмара Раага, зняты ў капрадукцыі з Расіяй, Беларуссю, Эстоніяй, Фінляндыяй і Казахстанам.

Маладую выкладчыцу ўніверсітэта, аспірантку Аню, у мінулым сірату, абвінавачваюць ў захоўванні наркотыкаў. Каб уцячы, Аня прыкідваецца беспрытульным падлеткам. На сваім шляху яна сустракае Крысціну, дзяўчынку-сірату, якая вырашае збегчы з дзіцячага дома і падацца ў Казахстан да бабулі. Аня выпраўляецца ў дарогу разам з Крысцінай...

Паказ пройдзе 7 лістапада ў кінатэатры "Цэнтральны" у 12:00 і 19:00.

2. Кітайскі трылер "Чорны вугаль, тонкі лёд" рэжысёра Дзяа Інтань, уладальнік "Залатога мядзведзя" "Берлінале".

Канец 1990-х. У невялікім гарадку на поўначы Кітая знаходзяць некалькі трупаў. У выніку аперацыі па затрыманні злачынцаў забітыя двое паліцэйскіх. Адзін цяжка паранены. Яго звальняюць з працы, пасля чаго ён уладкоўваецца ахоўнікам на завод. Праз 5 гадоў серыя забойстваў паўтараецца, і адстаўны ваяка спрабуе разблытаць гэтую гісторыю.

Стужка будзе ісці ў кінатэатры "Цэнтральны", сеансы — 12 лістапада ў 21:30 і 14 лістапада ў 19:00.

3. Фільм "Племя" украінскага рэжысёра Міраслава Слабашпіцкага, які ўзяў галоўны прыз на Канскім кінафестывалі ў паралельнай конкурснай праграме "Тыдзень крытыкі". Для пракату яго набыла рэкордная колькасць краін.

"Племя" называюць абсалютным кінематаграфічным эксперыментам. Стужка распавядае драматычную гісторыю, у цэнтры якой "глуханямое каханне": Сяргей трапляе ў спецыялізаваны інтэрнат для глухіх. Там ён сустракае Ганну, якая з'яўляецца наложніцай бандыта з крымінальнай групоўкі "Племя", якая бясчынствуе ў інтэрнаце.

Кантакты ўсіх персанажаў фільма адбываюцца праз мову жэстаў. Галоўную жаночую ролю ў стужцы сыграла глуханямая беларуска Яна Новікава з Гомеля. Дарэчы, усе акцёры, занятыя ў карціне, не маюць прафесійнай акцёрскай адукацыі.

Фільм можна паглядзець у кінатэатры "Цэнтральны" 13 і 14 лістапада ў 21:30.

4. Грузінская камедыя "Сляпыя спатканні" Лявана Кагуашвілі. Фільм пра Грузію, архітэктуру, песні, людзей, якія нягледзячы ні на што вераць у цуд.

Галоўнаму герою, настаўніку гісторыі ў школе, 40 гадоў, а ён па-ранейшаму халасты. Сандро і яго сябар ходзяць на сляпыя спатканні з дзяўчатамі, з якімі знаёмяцца праз інтэрнэт. Аднойчы ён сустракае Манану, да якой ў яго нараджаецца каханне. Аднак аказваецца, што яна замужам і яе муж неўзабаве выходзіць з турмы.

Стужка будзе дэманстравацца 9 лістапада ў кінатэатры "Цэнтральны", 19:00.

Пазаконкурсныя паказы, "Майстар-клас":

5. Стужка "Два дні, адна ноч" братоў Дардэнаў з Марыён Каціяр у галоўнай ролі. Фільм-удзельнік асноўнай конкурснай праграмы Канскага кінафестывалю.

Сацыяльны фільм, які ўздымае праблему беспрацоўя. Паводле сюжэту, на працы Сандры чакаюцца скарачэнні, і яна — першы кандыдат на вылет. Сандра ведае, што яе лёс канчаткова вырашыцца на тайным галасаванні паміж калегамі ў панядзелак. У галоўнай гераіні ёсць два дні і адна ноч, каб схіліць калег на свой бок.

Фільм будуць круціць у кінатэатры "Цэнтральны" 11 лістапада ў 12:00, у "Доме кіно" 12 лістапада а 19-й гадзіне.

6. Драма "Зільс-Марыя" ад Аліўе Асаяса, удзельнік Канскага кінафестывалю. У галоўных ролях Жульет Бінош, Крысцен Сцюарт і Хлоя Морэц.

Тэатральны рэжысёр збягае ў Альпы. Але аднойчы ён вырашае рэанімаваць старую п'есу, у якой каварная дзяўчына даводзіць да вар'яцтва вядомую артыстку. Падчас працы над спектаклем сюжэт становіцца рэальнасцю...

Дэманстраваць стужку будуць 9 лістапада ў кінатэатры "Піянер" у 21:30.

7. Французская драма "Тры сэрцы" ад Бенуа Жако з бліскучым акцёрскім складам: Шарлота Генсбур, Бенуа Пульворд, Катрын Дэнёў, К'яра Мастраяні.

Марк спазняецца на зваротны цягнік да Парыжа і сустракае ў маленькім правінцыйным гарадку Сільві. Яны ходзяць па горадзе, размаўляюць і адчуваюць надзвычайнае паразуменне. Марк сядае на першы цягнік і прызначае Сільві спатканне ў Парыжы праз некалькі дзён. Яна прыходзіць. Яго няма. А потым ён шукае яе і сустракае Сафі, але не ведае, што гэта сястра Сільві.

Фільм будуць паказваць 14 лістапада ў кінатэатры "Цэнтральны" у 12:00.

Нацыянальны конкурс:

8. "Хард Рэбут" ад аўтара "Масакры" і "Розыгрыша" Андрэя Кудзіненкі. Малабютжэтны псіхалагічны трылер з Іванам Аляксеевым і музыкамі гурта Noize MC у галоўных ролях. Стужка знятая ў Беларусі. Цікава, што "містычнага персанажа, падобнага да Курта Кабэйна", у фільме сыграў лідар "Голай Манашкі" Фёдар Жывалеўскі.

Паглядзець фільм можна ў кінатэатры "Перамога" 9 лістапада ў 17:00.

Пазаконкурсная праграма дакументальнага кіно "The Best":

9. Аскараносная стужка "У двух кроках ад славы" Моргана Нэвіла. Стужка паказвае зваротны бок музычнай індустрыі і гісторыі бэк-вакалістак, якія стваралі прыпевы вядомых песень і засталіся ў цені зорак сусветнай велічыні.

У стужцы задзейнічаныя Дэвід Боўі, Стынг, Мік Джагер і іншыя зоркі.

Паглядзець карціну можна 7 лістапада ў кінатэатры "Мір" у 19.30.

Конкурс "Маладосць на маршы":

10. Драма "Цуды" рэжысёра Алічэ Рорвахер, упершыню прадстаўленая на фестывалі ў Канах.

У італьянскай глыбінцы жывуць Джэльсаміна, яе тры сястры і бацькі, якія займаюцца вытворчасцю мёду. Але іх уяўленне пра ідэальны свет змяняецца, калі ў вёску прыязджае хлопец з Германіі і ўдзельнікі тэлешоў "Краіна цудаў", ролю вядучай якога грае Моніка Белучы.

Паказы пройдуць 13 лістапада ў кінатэатры "Цэнтральны" у 16:30 і ў "Доме кіно" 14 лістапада ў 21:30.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі