Еўрарадыё знайшло хроснага бацьку сімвала МТС

Пра “яйкаквадраты” і суд у Беларусі паляк Гжэгаж Эш нічога не ведаў. На судзе паміж беларускімі мастакамі і МТС прагучала імя Гжэгажа Эша – былога маркетолага МТС, які зацвердзіў сімвал яйка ў квадраце. Журналіст Еўрарадыё пагаварыў з вядомым маркетолагам, які цяпер працуе ў Польшчы. Менавіта ён увесь мінулы год займаўся рэбрэндынгам кампаніі МТС.

Пра тое, што ў Беларусі ідзе суд паміж творцамі Алесем Разанавым і Віктарам Маркаўцом і МТС, Гжэгаж Эш не ведаў. Ён звольніўся з працы ў МТС у лютым гэтага года і цяпер працуе ў Польшчы ў кампаніі Supernova Capital.

Спадар Эш кажа, што выпадкі, калі ў кагосьці з’яўляюцца прэтэнзіі да новага сімвала, які набірае папулярнасць, – нармальны працэс. Па міжнародных правілах мусіць прайсці два гады, каб сімвал быў канчаткова запатэнтаваны ў патэнтным бюро. Яйка ў квадраце існуе ў Беларусі прыкладна паўтара года.

Гжэгаж Эш: “Гэта працягваецца каля 2-3 гадоў. Бюро спраўджвае, ці няма нічога падобнага ў свеце, і чакае, ці не звернецца да іх хтосьці, хто гэты знак ужо выдумаў — так, як гэта зрабілі беларускія мастакі. Менавіта для гэтага бюро аховы аўтарскіх правоў цягам 2-3 гадоў канчаткова не зацвярджае лагатып. Вельмі часта здараецца так, што праз год пасля рэгістрацыі лагатыпа нехта прыходзіць і кажа, што такі знак існуе, напрыклад, у Бразіліі. Тады аўтарскія правы належаць не кампаніі, якая зарэгістравала гэты лагатып, а таму, хто першы стварыў гэты знак. Гэтыя правы ён можа прадаць ці патрабаваць, каб, напрыклад, у Беларусі гэтым лагатыпам не карысталіся”.

Эш распавёў нам, што МТС замаўляла распрацоўку новага карпаратыўнага стылю брытанскай фірме “Wolf Ollins”. То бок, яйка прыдумаў не Эш, але яйка – гэта тое, што адпавядала ўмовам МТС. А ўмовы былі наступнымі.

Гжэгаж Эш: “Першая — ідэальная форма (Perfect Shape!). Другая – што гэта пачатак. Трэцяя – сюрпрыз, нечаканасць, каб магло нешта цікавае нарадзіцца. Усё гэта ёсць у яйку. І яшчэ, яйка па прыродзе сваёй вельмі складаная форма, але для таго, хто на яго глядзіць, — вельмі простая. Так, як і мабільная сувязь: яна вельмі складаная, але мы хочам, каб для кліентаў яна была вельмі простай. Таму кліенту працягваем яйка як спалучэнне складанага і простага”.

Фірма “Wolf Ollins” прапанавала МТС пяць розных сімвалаў, сярод якіх спадар Эш выбраў менавіта яйка ў квадраце. Цікава, што кампанія МТС пачала тады збіраць самыя розныя знакі, у якіх выкарыстоўваліся яйкі. Эш сцвярджае, што “яйкаквадратаў” сярод іх не было. Упершыню ён пабачыў іх у журналіста Еўрарадыё.

Эш кажа, што гандлёвы знак МТС зарэгістраваны як два квадраты, у адным з якіх яйка. І гэта, на яго думку, важны аргумент у спрэчцы з Разанавым і Маркаўцом.

Гжэгаж Эш: “Мая рэакцыя такая: уклейванне авалу ў квадрат не падлягае ахове. Гэта геаметрычныя фігуры, і запатэнтаваць іх нельга. Важна зазначыць, што лагатып МТС – гэта два квадраты ”.

Спадар Эш кажа, што падабенстваў сярод розных гандлёвых знакаў па ўсім свеце даволі шмат. Ён лічыць, напрыклад, што знак МТС даволі падобны да сімвала швейцарскіх авіяліній. Праўда, там у чырвоным квадраце крыж замест яйка.





Журналіст Еўрарадыё знайшоў знак гішпанскай кампаніі Huevo Duro («Крутыя Яйкі»), які таксама нагадвае новы знак МТС.



Дарэчы, Эш распрацоўваў сімвал польскай сотавай фірмы Heyah. Гэта чырвоная лапа. А потым аказалася, што чырвоная лапка – знак іспанскіх тэрарыстаў. Але ён, канешне, не запатэнтаваны.

Гжэгаж Эш прагаварыўся, што хацеў бы напісаць кнігу пра яйка ў квадраце. Але гэта пакуль — далёкія планы.

А ў Беларусі суд Разанава і Маркаўца адбудзецца 1 кастрычніка.

Пра пазіцыю мастакоў чытайце наш мінулы матэрыял http://www.belradio.fm/by/236/reports/8480/function.fsockopen

Што значыць яйкаквадрат?

Для Разанава і МаркаўцаДля МТС
Яйка не з’яўляецца геаметрычнай формай, яно – з’ява, і таму, дзякуючы сваёй патэнцыі, свайму зараду, сваёй “няправільнасці”, яно не ўмяшчаецца ў квадратных абмежаваннях і пераадольвае геаметрычную прастору “рэчы ў сабе”. У “Яйкаквадратах” узаемадзейнічаюць статыка і дынаміка, колькасць і якасць, карпускула і хваля, матэрыя і энергія, у выніку чаго, праходзячы “інквадрацыйныя” перыяды, яйка, накшталт лятаючай талеркі, робіць свае “квантавыя” скачкі.
“Яйкаквадраты” – адкрыта-закрытая сістэма, яна падпарадкоўваецца сувымернасці, якая не дазваляе ёй ні расплысціся, ні закамянець. Гэтак, падпарадкоўваючыся той жа сувымернасці, шкарлупіна ў яйку, каб яно магло зьдзейсніцца, мусіць быць дастаткова цвёрдай, але не настолькі, каб не пачуць ціхага стукату знутры й не паслухацца яго.
Першае — ідэальная форма , другое — што гэта пачатак, трэцяе — сюрпрыз, нечаканасць, каб магло нешта цікавае нарадзіцца. Усё гэта ёсць у яйку. І яшчэ, яйка па прыродзе сваёй вельмі складаная форма, але для таго, хто на яго глядзіць, — вельмі простая. Так, як і мабільная сувязь: яна вельмі складаная, але мы хочам, каб для кліентаў яна была вельмі простай. Таму кліенту працягваем яйка як спалучэнне складанага і простага.

Гжэгаж Эш успрымае знак МТС не як яйка ў квадраце, а як квадрат з абрысам яйка, квадрат з выразаным яйкам.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі