Еўрасаюз хоча зазірнуць у кішэню беларускім чыноўнікам?
Новыя санкцыі могуць балюча ўдарыць па прыбытках беларускай наменклатуры, мяркуе палітолаг Алесь Лагвінец.
Еўрасаюз рыхтуе новыя санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва. Пра гэта паведаміла брусэльскае выданне Euobserver. У інтэрв’ю Еўрарадыё палітолаг Алесь Лагвінец назваў гэты крок балючым для афіцыйнага Мінску.
Гутарка ідзе пра абмежавальныя меры ў дачыненні да прадпрыемстваў “Белнафтахім” і “Трайпл”, занятых у экспарце нафтапрадуктаў. Таксама санкцыі закрануць экспарцёра ўзбраенняў “Белтэхэкспарт” і пастаўшчыка калійных угнаенняў “Беларуськалій”. На думку еўрачыноўнікаў, частка даходаў гэтых кампаній становіцца асабістым прыбыткам беларускай наменклатуры.
Лагвінец адзначае, што гэтыя дадатковыя еўрапейскія санкцыі закранаюць менавіта фірмы, звязаныя з уладай.
Лагвінец: "Размова ідзе якраз пра гэтыя фірмы - пра "Трайпл", пра "Белнафтахім", пра "Белтэхэкспарт". І хутчэй за ўсё размова будзе ісці ў рашэнні, якое чакаецца ў красавіку, што будуць адсочаныя асабістыя рахункі ці нейкія іншыя схемы фінансавання, фінансавых разлікаў вакол гэтых фірмаў, але гэта пакуль не пацверджаная інфармацыя. У кожным разе, беларускія ўлады адкрыта грэбуюць прапановамі ці заклікамі з боку Еўрапейскага Саюзу, каб спыніць гэтыя паказальныя суды і каб выпусціць нарэшце палітычных зняволеных".
На думку эксперта, новыя санкцыі будуць больш жорсткімі, чым ранейшыя. Аднак ці будзе ўзмацняцца еўрапейскі ціск на беларускі рэжым?
Лагвінец: "Вельмі хацелася б, каб беларускія ўлады зразумелі, што нельга гуляцца з агнём і нельга працягваць гэтую кампанію дзяржаўнага трэрору супраць уласных грамадзянаў. Цяжка прагназаваць, якія далей будуць дзеянні Еўрапейскага Саюзу, але гэта таксама будзе вельмі рашучы і канкрэтны сігнал да беларускіх уладаў".
Дарэчы, эканамічная накіраванасць новых санкцый Еўрасаюзу збліжае іх з амерыканскай пазіцыяй у беларускім пытанні.
Лагвінец: "Якраз такі дакумент адлюстроўвае ранейшую пазіцыю ЗША. Вядома, што ў хуткім часе ў Сенаце Злучаных Штатаў таксама будзе абмяркоўвацца тэкст рашэння па Беларусі. І гэтае рашэнне якраз ідзе ў тым кірунку, каб узгадняць дзеянні паміж Злучанымі Штатамі і Еўрапейскім Саюзам".
Нагадаем, што цягам апошніх двух месяцаў еўрапейскія палітыкі неаднаразова заклікалі спыніць палітычныя суды ў Беларусі. У выпадку працягу рэпрэсій яны заяўлялі, што Еўрасаюз можа далучыцца да амерыканскіх эканамічных санкцый.
Фота — svaboda.org