Еўропа не будзе ў бяспецы, калі Беларусь застанецца ў кіпцюрах РФ — Ціханоўская
Прамаўляе Святлана Ціханоўская
"Украіна і ўся Еўропа ніколі не будуць у бяспецы, калі Беларусь застанецца ў кіпцюрах Расіі", — такую заяву на Варшаўскім форуме па бяспецы зрабіла кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская. Мерапрыемства сабрала больш за 120 удзельнікаў. Упершыню на ім прайшла дыскусія па сітуацыі ў Беларусі.
"Зараз мы змагаемся за захаванне Беларусі як дзяржавы, што магчыма толькі ў тым выпадку, калі Беларусь стане часткай Еўрапейскага Саюза, — гаварыла Ціханоўская. — Бо ў Беларусі, як і ў Украіны, у саюзе з Расіяй няма ніякай будучыні... Для аднаўлення міру і забеспячэння бяспекі нам патрэбна не толькі каб Украіна перамагла, але і каб Беларусь стала вольнай. І калі Еўрасаюз і дэмакратычныя краіны падтрымаюць нас на гэтым шляху, я ўпэўнена, што ў нас атрымаецца".
Святлана Ціханоўская заклікала дапамагчы Украіне выйграць вайну, бо яе перамога "стане канчатковым паражэннем Пуціна і Лукашэнкі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.